Павел Тапузідзіс: «Выдам загад і прымушу цябе любіць беларускую мову»
![](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/z_2015_10/20151011_173013-miljz.jpg.webp)
Я прыходжу на ўчастак №69 на вуліцы Пімена Панчанкі за некалькі гадзін да закрыцця. Да старшыні камісіі, мільянера Паўла Тапузідзіса якраз прыехала здымачная група АНТ. Уласнік «Тытунь-Інвеста» расказвае пра свабоднае выяўленне волі народа. Журналіст, які выконвае ролю трымальніка мікрафона, маўкліва пагаджаецца з бізнесменам.
Праз некалькі хвілін гасцінны гаспадар заводзіць гасцей у кабінет крэслення. Тут накрыты багаты стол з далікатэсамі ад «Кароны». Тапузідзіс налівае сабе і журналісту АНТ каньяк (аператар адмаўляецца) і ўздымае тост: «Ну, за Беларусь!». Да ўсіх прысутных ён звяртаецца на «Вы».
Побач з мільянерам сядзіць Аляксандр Скубакоў, былы намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска. Цяпер гэты немалады палыселы мужчына — адзін з падначаленых Тапузідзіса. Шэф ласкава называе яго «мальчуган». Да мяне Скубакоў на «ты».
Некалькі разоў за размову Тапузідзіс перапытвае ў сваіх калег незразумелыя яму словы, але ў цэлым разумее па-беларуску.
Аднойчы нават прадэманстраваў веданне прымавак. Вы ведаеце, які адпаведнік мае фраза «над крылечком дым колечком»? А грэк Тапузідзіс ведае. «Над ганкам дым абаранкам», — пратэсціраваў ён мяне і сяброў камісіі.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/tapuzidzis-ptcyl.jpg.webp)
«Я не стаў мяняць прозвішча з Тапузідзіса на Тапурыдзэ»
Першае пытанне да Тапузідзіса выглядае рытарычным: «Ніхто іншы — ні Чыж, ні Машэнскі — не сядаюць, не лічаць бюлетэні. А вы вось праяўляеце сваю грамадзянскую пазіцыю… Чаму?»
Тапузідзіс аджартоўваецца: «Я добра ведаю Чыжа. Я думаю, яму хапае, як праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю. Асабліва яму. А Машэнскі яшчэ малады».
«Мне проста цікава на самой справе, — тлумачыць Тапузідзіс. — Удзел у прэзідэнцкіх выбарах – гэта, з аднаго боку, грамадзянская пазіцыя, а з іншага — грамадзянская адказнасць».
«А вы б не хацелі ў дэпутаты ці сенатары ісці, гэта ж яшчэ большая грамадзянская пазіцыя?» — удакладняю ў яго.
«Я зарабляю грошы. Мая праца — бізнес. Мая задача — зрабіць усё, каб дзясяткі тысяч работнікаў працавалі спакойна, атрымлівалі два разы на месяц зарплату, і не баяліся, што заўтра іх выганяць на вуліцу. Гэта мой першы абавязак. Калі трэба для гэтага ў сенатары пайсці… Ну я ж не Шакуцін. Аляксандр Міхайлавіч — своеасаблівы чалавек. Яму трэба, каб у яго значок быў», — адказвае мільянер.
Тут Тапузідзіс паказаў на свой пінжак, да якога быў прышпілены значок з выявай савецкага сцяга.
«І што вы хацелі гэтым сказаць? — разгубіўся я. — Некалькі хвілін таму вы падымалі тост за Беларусь. А самі ў касцюме не са сцягам Беларусі, а з СССР?»
«Гэта нельга параўноўваць. Па-першае, я нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе. Я прыехаў у Беларусь, бо ў Грузіі як грэк мог паступіць хіба што ў які-небудзь кулінарны тэхнікум. Трэба было прозвішча мяняць, з Тапузідзіса на Тапурыдзэ. Такія былі часы. Пры гэтым я абсалютна шчыра пісаў заяву, каб паехаць у Афганістан… Капіталізм мы лічылі ворагам! — узгадвае Тапузідзіс. — Па-другое, я нашу значкі не для таго, каб паказаць, што камусьці сімпатызую. Проста калекцыяную. На кожным касцюме свой значок».
Звольнілі, бо зашмат зарабляў
Тапузідзіс расказвае пра трагічны лёс свайго народа і сваёй сям’і.
У пачатку ХХ стагоддзя дзясяткі тысяч грэкаў быў вымушаны сысці з роднай зямлі (цяпер гэта тэрыторыя Турцыі). Частка насельніцтва пагадзілася перайсці ў іслам, і таму засталася, а вось продкі Тапузідзіса апынуліся ў цяперашняй Грузіі.
У Беларусі будучы мільянер займаўся будаўніцтвам мастоў, але ў 1987 годзе быў звольнены, бо «ў тыя гады нельга было шмат зарабляць». Тады ў Рудзенску ён заснаваў кааператыў па вытворчасці пахавальных кветак.
Аднак асноўнае багацце Тапузідзіс зрабіў на вытворчасці тытуню і сетцы гіпермаркетаў «Карона».
Паколькі на цыгарэтным рынку працуюць толькі Тапузідзіс і дзяржаўная гродзенская фабрыка «Нёман», паўстае лагічнае пытанне: ці можна лічыць, што ягоны бізнес паўстаў дзякуючы дзяржаве ці прынамсі з маўклівай згоды ўладаў?
Бізнэсмен запэўнівае, што гэта не так. Ён расказвае, як яшчэ ў пачатку 1990-х стварыў прадпрыемства «Прыма» і выпускаў цыгарэты «Беламорканал». Такая вытворчасць стала першай на рынку. Гісторыю стварэння Тапузідзіс апісвае проста — гандляваў цыгарэтамі і падумаў: чаму б не рабіць іх самому? Праўда, пасля ўвядзення дзяржаўнай манаполіі бізнес быў знішчаны.
Другая спроба адбылася ў 1996 годзе, калі Тапузідзіс атрымаў ліцэнзію на выпуск цыгарэт. Такі дакумент, кажа ён, мог атрымаць любы ахвотны.
У чым тады быў феномен Тапузідзіса? Мільянер пачынае пералічваць складнікі свайго поспеху: хацець, разумець, быць цярплівым і каб былі грошы. Маўляў, трэба, каб усё гэта супала.
«Каб рабіць гэты бізнес, трэба было проста ўзяць яго — і зрабіць, — тлумачыць ён. — Людзі ў асноўным тады займаліся гандлем, не вытворчасцю. А ў мяне перад тытунём былі і пахавальныя кветкі, і цацкі, і самалёцікі… Вось вы мадэлямі захапляецеся?»
Да мадэлявання я стаўлюся абыякава. Кажу, што больш падабаецца футбол.
«А я не люблю спорту, — прызнаецца Тапузідзіс. — Я на яго столькі грошай патраціў, дзясяткі мільёнаў! Я пабудаваў тры хакейныя палацы».
«А што, не хацелі?» — удакладняю я.
«Што за пытанне? — узрываецца мільянер. — Вось вы цярпліва мяне слухаеце. Нават калі я пачну абражаць вас, вы ўсё адно будзеце мяне слухаць. Таму што гэта ваша праца і вы хочаце нешта спытаць. Тое самае і бізнес. Калі вы хочаце яго прасоўваць, трэба — вы пабудуеце і лядовы палац… Я абсалютна добраахвотна купляў у раддом апарат для пералівання крыві, калі ў 1990-я паміралі нашыя немаўляты. І ў любой краіне так. Мае прыяцелі — і немцы, і галандцы — таксама ў чымсьці ўдзельнічаюць».
Я гатовы адстойваць сваю пазіцыю перад прэзідэнтам
Тапузідзіс кліча ўдзельнікаў дыскусіі на перакур. Папярэджваю, што не куру.
«Дарма. Вы ж тады нам не прыносіце прыбытак!», — жартуе бізнесмен.
Стаяць з цыгарэтай на ганку Тапузідзіс не хоча, таму ўводзіць грамаду за рог школы.
Калі вяртаемся, на ўваходзе ў школу бачым грузавік «Гіпа», у які загружаюць непрададзены за дзень выбараў тавар. Чаму не «Карона», а сетка-супернік?
«Нехта прыняў рашэнне гандляваць гарэлкай. А я сказаў, што не магу прывесці сюды «Карону» і на вуліцы разліваць алкаголь. Дурныя рэчы я не выконваю. Я гатовы адстойваць сваю пазіцыю на любым узроўні, нават перад прэзідэнтам. Напрыклад, апошняя нарада, калі нам забаранілі гандляваць півам і гарэлкай пасля 22.00, — прыводзіць прыклад Тапузідзіс. — Я ўстаў і сказаў: Аляксандр Рыгоравіч, гэта няправільна. І ён адразу ж са мной пагадзіўся, і рашэнне было адменена. Ці пра сертыфікаты. Я казаў: людзей трэба прывучаць, спажывец, купляючы куртку, павінен быць упэўнены ў якасці тэрмаапрацоўкі. І там адстаяў, і там адстаяў. А як па-іншаму?»
«У мяне няма бізнесу, які я атрымаў ад дзяржавы. Ніводнага квадратнага метра, пабудаванага дзяржавай, я не купіў і не атрымаў рашэннем прэзідэнта», — неаднаразова пад час размовы падкрэсліў ён.
«Вядома, немагчыма. А навошта?»
Летась «Наша Ніва» пісала пра рэзідэнцыю Тапузідзіса на возеры Мядзел. «Тытунь-Інвест» пабудаваў там аздараўленчы комплекс, але адпачыць турысту там немагчыма.
— Вядома, немагчыма. А навошта? — шчыра не разумее ён.
— Дык для якіх гэта турыстаў? — удакладняю я.
— Гэта для сябе я пабудаваў. А што ў гэтым дрэннага?
— Гэта ж няроўныя ўмовы. Вы ўзялі для сябе зямлю, а іншыя не могуць.
— Я ж таксама не звычайны грамадзянін. Калі б вы аказалі дапамогі мільёнаў на 30—40… Вы трошкі блытаеце паняцці. Калі вы станеце вялікім журналістам, вам таксама, можа, дадуць зямлю, і вы пабудуеце сабе дамок.
Ад патэнцыйнага падарунка я адмаўляюся, а Тапузідзіс тлумачыць, што такая самая практыка ёсць і ў іншых краінах.
Мільянер мае катэдж у Драздах, але да выдзялення элітнай зямлі чыноўнікам ставіцца з негатывам. Маўляў, ён на свой дом зарабіў, а яны?
«Трэба, каб з’явіўся выбар»
Ці праўдзівыя лічбы яўкі на выбарах?
Тапузідзіс запэўнівае, што людзі актыўна ідуць на ягоны ўчастак. Разыходжанняў у афіцыйных лічбах і лічбах назіральніка ад «Гавары праўду» насамрэч не было. Выніковая яўка склала 75% (29% прагаласавалі датэрмінова — гэта сярэдняя лічба па Мінску). Тапузідзіс пытаецца, чаму я не пайшоў на выбары.
«Няма кандыдата, за якога мне не было б сорамна», — адказваю яму.
«Менавіта вам? То бок трэба кандыдата менавіта пад вас падабраць? Так жа таксама нельга. Калі ў вас няма, за каго галасаваць, трэба было прыйсці і прагаласаваць «супраць усіх», — раіць Тапузідзіс.
Сам ён прагаласаваў датэрмінова. Кажа, што цэніць стабільнасць.
Размаўляем пра палітычную альтэрнатыву. «Трэба, каб з'явіўся лідар, які б спадабаўся ўсім, і людзі пойдуць за гэтым лідарам. У 1994 годзе я быў на выбарах памочнікам старшыні камісіі, і бачыў, як людзі галасавалі не «за», а «супраць» улады», — разважае мільянер.
Узгадваю гісторыю Віктара Ганчара, якога ў сярэдзіне 1990-ых многія лічылі лідарам. І дзе ён зараз, пахаваны ў лесе?
«Гэта ўсё казкі», — перабівае Аляксандр Скубакоў. «Гэта не тое месца, дзе такія рэчы гавораць», — нагадвае Тапузідзіс.
Грэчаскі мільянер і беларуская мова
Да мільянера плынню ідуць хадакі, ён не хавае, што большасць з іх нешта просіць для сябе. Калі да канца галасавання застаецца паўгадзіны, Тапузідзіс нарэшце сядае на сваё месца на чале стала. Выбарцаў нямнога, таму завязваецца яшчэ адна дыскусія.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/20151011_200136-5livm.jpg.webp)
Тапузідзіс пытаецца, які новы закон мусіць прыняць дзяржава. Я прапаную меры падтрымкі беларускай мовы. Дзікунская статыстыка: ва ўніверсітэтах краіны на беларускай жа мове навучаецца ўсяго 300 чалавек, фактычна гэта толькі філалагічныя групы плюс нешматлікія групы гістфака.
Тапузідзіс не можа паверыць у гэтыя лічбы: «Вы хочаце сказаць, што на журналістыцы ў БДУ няма беларускага аддзялення?». Няма.
Бізнесмен прапануе пазваніць каму-небудзь з рэктараў універсітэтаў і спраўдзіць.
Дыскусія наконт стану беларускай мовы працягваецца доўга. На адным баку ўяўнага рынга аказваюцца былы чыноўнік Аляксандр Скубакоў і цётка-назіральніца, якая, здаецца, працуе настаўнікам у гэтай школе. На іншым знаходжуся я, але з цягам часу мяне пачынае ўсё больш актыўна падтрымліваць Тапузідзіс.
«Што вам перашкаджае? — уступае ў дыскусію назіральніца. — Скончыце філфак і працаваць журналістам», — «раіць» назіральніца.
«А калі я іду ў медыкі, мне таксама скончыць філфак? — абураюся я. — Вы разумееце, што нават у чалавека, які прыехаў з іншай краіны, цвярозае ўспрыманне сітуацыі, а ў вас не?»
«Кожны чалавек, які адчувае сябе беларусам, павінен вывучаць сваю мову. Размаўляць на ёй, пісаць на ёй», — кажа Тапузідзіс.
Ён прыводзіць прыклад Літвы, дзе ўсё справаводства вядзецца па-літоўску, хоць бізнес часткова вяртаецца да рускай мовы.
«Калі б дзяржава паставіла ўмовай валоданне беларускай мовай, я б пабег вучыць наперадзе ўсіх беларусаў», — афарыстычна абяцае бізнесмен.
Сам ён адчувае сябе грэкам, найчасцей выкарыстоўвае рускую мову, але можа падтрымаць размову з прадстаўнікамі многіх нацый: «Я выдатна размаўляю на старагрэчаскай мове, горш — на навагрэчаскай. Ведаю азербайджанскую, турэцкую, магу на англійскай, грузінскай і трошкі на армянскай».
Тапузідзіс мяркуе, што гвалтоўна насаджаць беларускую мову не трэба, а заахвочваць — чаму б і не?
«Я б, напрыклад, прыняў бы масу ўсялякіх законаў. Хочаце, каб па-беларуску навучыліся? Значыцца, заканчваеце беларускую школу і паступаеце без конкурсаў ва ўніверсітэт. Можна зрабіць прэферэнцыі, каб з двух кандыдатаў у выканкам браць таго, хто размаўляе па-беларуску. Калі вы чыноўнік, ні храна не робіце і кіруеце ўсімі, то будзьце ласкавы, здайце экзамен», — прапануе грэк.
«Шура, вось ты размаўляеш па-беларуску?»
— Шура, вось ты размаўляеш па-беларуску? — запытвае Тапузідзіс у Скубакова.
— Не-а, — адказвае адстаўны чыноўнік.
— Чаму?
— Таму што не хачу… Не навучыўся. Чаму мяне хтосьці павінен прымусіць? У нас ёсць усё, каб прапагандаваць беларускую мову — і культура, і тэатры…
— Ён жа не пра гэта кажа! — спасылаецца на мяне Тапузідзіс. — А пра тое, што дзяржава абавязаная прымушаць вас як грамадзян любіць беларускую мову!
— І хто мяне прымусіць?
— Я цябе прымушу. Выдам загад і прымушу.
Тапузідзіс узяў падначаленага за гальштук, які нечым выпацкаўся і працягнуў «допыт».
— Вось твая ўнучка размаўляе па-беларуску?
— Ёй больш падабаецца вывучаць на рускай мове.
— Ты мяне не падманвай. Гэта дзіця. Яго якой мове навучыш, на такой і будзе.
Ён усё ведае
Тапузідзіс узгадвае Аршанскую бітву, кажа пра Кастуся Каліноўскага. «Хто вашай нацыі больш за ўсё псаваў нервы і больш за ўсё забіў мужыкоў — гэта рускія, — нагадвае ён. — Ні разу з палякамі вы не ваявалі, ні разу з літоўцамі. З украінцамі — толькі з Хмяльніцкім, які хацеў насадзіць тут рускіх.
«Трэба пісаць гісторыю з нацыянальнага пункту гледжання», — падсумоўвае Тапузідзіс.
Напрыканцы размовы ён расказвае пра сваю мару — стварыць сетку рэстаранаў з беларускай кухняй. Тапузідзіс прызнае, што займацца піцамі прасцей, аднак бачыць перспектыву ў драніках і мачанцы.
«Праз два гады я стану мільярдэрам», — прагназуе ён. «А больш у нас няма мільярдэраў?» — пытаюся Тапузідзіса. «Пакуль што няма», — сцвярджае бізнесмен.
Тапузідзіс запэўнівае, што не баіцца за свой бізнес, бо сплачвае ўсе падаткі і не бярэ нічога ад дзяржавы: «Я б мог сысці ў афшоры, і кожны дзень пару мільёнаў адкладаць. Але не раблю гэтага».
Тут усе мае людзі
…А што з падлікам галасоў? Пасля заканчэння галасавання старшыня камісіі Павел Тапузідзіс падышоў да назіральнікаў і папрасіў заставацца на сваіх месцах — за дзясятак метраў ад стала з падлікам бюлетэняў. Тыя не спрачаліся пра свае правы. Усё, што бачылі назіральнікі — спіны сяброў камісіі. Зрэшты, многія з «прадзяржаўных» назіральнікаў паспелі напісаць справаздачу аб адсутнасці прэтэнзій яшчэ да сканчэння галасавання.
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/20151011_200448-xyr1w.jpg.webp)
Праз гадзіну падлікаў намесніца Тапузідзіса агучыла вынікі. Паводле іх, за Лукашэнку прагаласавалі 65% выбарцаў, Караткевіч 5,5%, Гайдукевіч і Улаховіч па 4%. Супраць усіх — 20%.
Тапузідзіс шчыра здзівіўся такой вялікай лічбе пратэстнага галасавання, але пераправяраць нічога не стаў.
«Там усе мае людзі, — патлумачыў ён, паказваючы на камісію. — Я тут, бо б’юся за свой бізнес».
За ўвесь час падліку галасоў Тапузідзіс не ўзяў у рукі ніводнага бюлетэня.
Каментары