У студзені мужчыну збілі, схавалі ў багажнік, адвезлі ў лес, расстралялі і спалілі. Аднак падазраваныя неўзабаве былі затрыманыя. Адзін з абвінавачаных па справе здзейсніў суіцыд у турме.

У панядзелак 12 кастрычніка ў судзе Пінскага раёна і горада Пінска адбылося чарговае судовае паседжанне па справе аб зверскім забойстве 27-гадовага фермера. Паводле версіі следства, яго пазбавілі жыцця 40-гадовы жыхар вёскі Малоткавічы Анатоль Якубчык разам са сваім 20-гадовым сынам Эдуардам і яго сябрам Леанідам.

У 2010 годзе Анатоль даў фермеру Аляксандру ў доўг каля 14 тысяч еўра пад 5% у месяц. Той змог аддаць толькі 10 тысяч. Яго «паставілі на лічыльнік». Сёлета ўзімку крэдытор патрабаваў вярнуць яму больш за 70 тысяч еўра.

Аднавіць поўную карціну таго, што адбылося, суд ужо не зможа – 40-гадовы Анатоль Якубчык тыдзень таму засіліўся ў адзіночнай камэры Баранавіцкага СІЗА. Цяпер за ўчынак бацькі ў судзе адказваюць яго сын Эдуард і сябар сына Леанід. Хлопцаў абвінавачваюць у прымусе да выплаты доўгу, захоўванні, нашэнні і перавозцы зброі і саўдзеле ў забойстве.

Эдуард адмовіўся ад дачы паказанняў, спаслаўшыся на дрэннае самаадчуванне. Але Леанід, які ўжо даваў паказанні, цяпер вырашыў удакладніць некаторыя моманты.

Усё здарылася ўвечары 7 студзеня. Вечар таго дня Леанід вырашыў правесці са сваёй дзяўчынай Вольгай. Ён купіў кветкі і цукеркі і адправіўся да яе ў госці. Але праз некаторы час яны пасварыліся, а на мабільны Леаніда патэлефанаваў Эдуард. Хлопцы дамовіліся аб сустрэчы. Эдуард забраў сябра са стаянкі ля аўтарынка і яны паехалі ў Малоткавічы. Леанід хацеў купіць вады ў горадзе, але Эдуард сказаў, што ў вёсцы ёсць кафэ і можна купіць там. Па дарозе Якубчык-малодшы распавёў, што яго бацька хоча пагаварыць з адным чалавекам, але той хаваецца. І што бацька папрасіў сказаць яму, калі ён яго раптам ўбачыць.

Пасля 11 вечара патрэбнага Анатолю чалавека, таго самага Аляксандра, яны заўважылі нездалёк ад кафэ. Фермер быў збіты бітай і спакаваны ў багажнік.

Хлопцы выехалі за Малоткавічы, Эдуард патэлефанаваў свайму бацьку і сказаў, што чалавек у іх, і яго можна забіраць. Аўтамабіль з'ехаў на жвіровую дарогу. Неўзабаве пад'ехаў Якубчык-старэйшы на сваёй машыне. Першым да багажніка падышоў Анатоль. Леанід сцвярджае, што стаяў ля пасажырскай дзверы і не бачыў, што адбываецца. Як зразумеў абвінавачваны, выкрадзенага чалавека пераклалі ў багажнік іншага аўто. Па словах хлопца, фермер усю дарогу крычаў з багажніка, што вярне грошы.

Аповед Леаніда поўны ўдакладненняў: «Не бачыў», «Не памятаю», «Не ведаў», «Не чуў», паведамляе kp.by.

— Калі мы на машыне Анатоля прыехалі ўглыб лесу, мы з Эдзікам выйшлі, я ўзяў яго за руку і мы вярнуліся. Я сказаў, што гэта не наша справа. Гэты чалавек крычаў: «Толік, адпусці мяне, я ўсё аддам». Я зразумеў, што гаворка пра доўг, пра грошы, — распавёў Леанід.

Хлопцы ўсё ж такі з'ехалі (машына Эдуарда была прыпаркаваная на з'ездзе ў лес), пакінуўшы бацьку сам-насам з даўжніком. За спінамі ў хлопцаў неўзабаве пачуліся па меншай меры 7 стрэлаў, як вызначаць пасля следчыя — з пераабсталяванага траўматычнага пісталета.

Затым Анатоль даручыў сыну спаліць біту і розныя рэчы ў пакеце. Леанід паехаў паліць рэчы разам з сябрам. На вогнішчы ён пакінуў свой недакурак.

На судзе Леанід паведаміў, нібыта думаў, што фермера пасля гутаркі прывязуць назад у Малоткавічы. Сваю віну ў забойстве ён не прызнае.

- Я прызнаюся ў тым, што мы з Эдзікам выкралі чалавека, змясцілі яго ў багажнік. Гэта ўжо злачынства. Але мы яго не забівалі, — заявіў на паседжанні Леанід, піша kp.by.

Неўзабаве суд разгледзіць рэчавыя доказы, знойдзеныя на месцы злачынства. Да канца тыдня плануецца завяршыць судовае следства і перайсці да спрэчак.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру