У Беларусі пашыраны спіс аб'ектаў і арганізацый, дзе абавязкова павінны працаваць грамадскія прыбіральні, паведамляецца на сайце РНПЦ гігіены і эпідэміялогіі.
Пастанова Міністэрства аховы здароўя ад 12 кастрычніка 2015 года ўносіць карэктывы ў дакумент «Гігіенічныя патрабаванні да ўтрымання тэрыторый населеных пунктаў і арганізацый». Змены датычацца размяшчэння грамадскіх прыбіральняў.
Раней прыбіральні абавязкова павінны былі быць:
- на плошчах, у парках і скверах;
- на тэрыторыі рэкрэацыйных зон населеных пунктаў;
- у будынках (збудаваннях) вакзалаў, чыгуначных станцый, аўтастанцый, аэрапортаў, аб'ектаў культурна-забаўляльнага і спартыўнага прызначэння, а таксама на тэрыторыі, прылеглай да іх;
- на аўтазаправачных станцыях.
Цяпер да месцаў масавага знаходжання грамадзян, дзе абавязкова павінен быць доступ да грамадскага туалета, дадалі:
- тэрыторыю рынкаў;
- гандлёвыя і грамадска-гандлёвыя цэнтры;
- харчовыя крамы плошчай больш за 400 квадратных метраў;
- крамы з універсальным асартыментам нехарчовых тавараў, спецыялізаваныя і вузкаспецыялізаваныя крамы, у тым ліку «Мэбля», «Будаўнічыя матэрыялы», агульнай гандлёвай плошчай больш за 600 квадратных метраў.
На аўтазаправачных станцыях, аб'ектах грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, а таксама ў крамах пры адсутнасці ў іх грамадскіх туалетаў цяпер па законе беларусам павінен быць дазволены доступ у службовыя прыбіральні.
Пастанова ўступае ў сілу праз 15 рабочых дзён пасля яе падпісання.