Рэтраспектыва найлепшых твораў японскага кінематографа XX стагоддзя пройдзе ў межах XXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Арганізатары фестывалю вырашылі звярнуць увагу на японскае кіно ў сувязі з тым, што адной з самых вядомых японскіх кінакампаній «Сёціку» сёлета споўнілася 120 гадоў, паведамілі ў прэс-цэнтры «Лістапада». Кампанія была заснаваная ў 1895 годзе і з самага пачатку займалася пастаноўкамі традыцыйнага тэатра кабукі. Вытворчасцю фільмаў «Сёціку» займаецца з 1920 года, зараз таксама выпускае японскую мультыплікацыю — анімэ.

Падрыхтаваць рэтраспектыўныя паказы ў Мінску дапамаглі пасольства Японіі ў Беларусі і Японскі фонд пры садзейнічанні кампаніі JTI. У праграму ўвайшлі сем кінакарцін, сярод якіх «Ідыёт» (1951) Акіры Курасавы паводле аднайменнага рамана Фёдара Дастаеўскага, «Гісторыя Хаціка» (1987) Сэйдзіра Каямы, «Крэпасць з пяску» Ёсітара Намуры, «Жоўтая хустачка шчасця» Ёдзі Амады, «Такійскія прыцемкі» Ясудзіра Одзу, «Утамара і пяць яго жанчын» Кэндзі Мідзагуці і «Мне помста і я адплачу» Сёхэя Імамуры. Разабрацца ў японскім кінематографе мінчанам дапаможа гісторык у сферы кіно Макіка Камія.

«Важна адзначыць, што ўсе фільмы будуць дэманстравацца выключна на кінастужцы 35 мм, то бок у іх першапачатковай якасці, — зазначае дырэктар праграм ігравога кіно «Лістапада» Ігар Сукманаў. — Убачыць класічнае кіно ў такім фармаце зараз амаль недазвольная раскоша. Таму гэта амаль што адзіны шанц атрымаць асалоду ад геніяльных твораў мінулага, якія максімальна дакладна адпавядаюць аўтарскаму бачанню».

Кінафестываль «Лістапад» пройдзе 6—13 лістапада пад слоганам «Задавальненне для вачэй». Фільмам адкрыцця гэтага фестывалю стане французская карціна «Даліна кахання» Гіёма Ніклу, ролі ў якой выканалі Жэрар Дэпардз'ё і Ізабэль Юпер.

Форум заснаваны Міністэрствам культуры і Мінгарвыканкамам пры садзейнічанні Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і Беларускага саюза кінематаграфістаў. Арганізатарам фестывалю выступае Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?