У Гомелі прайшоў месяц з урачыстага адкрыцця новага дзіцячага садка № 91 на вуліцы Кніжнай, але дашкольная ўстанова пакуль так і не прыняла выхаванцаў. Цырымонія адкрыцця садка была прымеркаваная да Дня горада і адбылася 11 верасня. 

На адкрыцці дашкольнай установы прысутнічалі прадстаўнікі аблвыканкама і Гомельскага гарвыканкама, патэнцыяльныя выхаванцы дзіцячага садка і іх бацькі. Установа разлічана на 85 дзяцей. У мясцовых СМІ было заяўлена, што групы сфарміраваныя і дзіцячы садок адкрыты.

Між тым установа, адкрытая 11 верасня, «закрылася» ўжо 12 верасня. Тут прадоўжыліся будаўнічыя і аддзелачныя работы, прыпыненыя на час «урачыстага адкрыцця».

У аддзеле адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля паведамілі, што дзіцячы сад пакуль не перададзены ім на баланс. Як толькі гэта адбудзецца, установу адразу адкрыюць. Ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва (УКС) гарвыканкама растлумачылі, што ўсе будаўнічыя работы былі завершаныя да ўрачыстага адкрыцця аб'екта, але ён пакуль не ўведзены ў эксплуатацыю, паколькі не закончана праца прыёмачнай камісіі — не ўсе службы падпісалі дазвол на ўвод аб'екта. Калі дакладна гэта адбудзецца, пакуль невядома, але ва УКБ выказалі надзею, што ў хуткім часе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру