У гэты перыяд запланавана пабудаваць аб'екты гандлю на плошчы каля 1 млн кв.м, паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі.

Паводле яго слоў, гарвыканкам зацвердзіў схемы па размяшчэнні ў сталіцы гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання да 2020 года, галоўная мэта якіх — захаванне ўсіх фарматаў рознічнага гандлю ў Мінску.

«Пры распрацоўцы гэтых схем улічваліся такія фактары, як заходнееўрапейскія тэндэнцыі ў размяшчэнні аб'ектаў гандлёвай інфраструктуры, нормы радыуса абслугоўвання магазінамі крокавай даступнасці, генеральны план забудовы Мінска. У выніку, у параўнанні з існуючай, плошча гандлёвай сеткі практычна падвоіцца, а сетка аб'ектаў грамадскага харчавання павялічыцца на трэць», — адзначыў субяседнік.

У структуры гандлёвай сеткі сталіцы да 2020 года будуць пераважаць аб'екты гарадскога значэння буйнога фармату, узрасце таксама ў абсалютным выражэнні і доля магазінаў крокавай даступнасці. Забяспечанасць гандлёвымі плошчамі на 1 тыс. чалавек складзе 900 кв.м і 56 месц у агульнадаступнай сетцы грамадскага харчавання.

Спажывецкі рынак сталіцы арыентаваны на забеспячэнне попыту розных катэгорый насельніцтва на якасныя тавары шырокага асартыменту пераважна айчыннай вытворчасці. «Усе новаўвядзенні ў сферы гандлю пачынаюцца менавіта ў Мінску. Гэта і развіццё фірменных магазінаў айчынных таваравытворцаў (сёння іх у горадзе больш як 280), укараненне сістэмы такс-фры (больш як 100 магазінаў), шырокае прымяненне сістэмы безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем плацежных картак, дастаўка прадуктаў харчавання дадому, адкрыццё спецыялізаваных камфортных магазінаў, якія прыцягваюць сваёй атмасферай, асартыментам і гэтак далей», — заўважыў Андрэй Дамарацкі.

Паводле яго слоў, штогадовы прырост гандлёвай інфраструктуры стабільна складае да 100 тыс. кв.м гандлёвых плошчаў. Кожны год у сярэднім у Мінску адкрываецца 230-250 магазінаў, 4-5 гандлёвых цэнтраў, 85-100 аб'ектаў грамадскага харчавання. «За апошнія пяць гадоў у сталіцы ўведзена ў эксплуатацыю 1837 аб'ектаў (1149 магазінаў, 688 аб'ектаў грамадскага харчавання). І ў параўнанні з 2010 годам забяспечанасць гандлёвымі плошчамі і месцамі ў аб'ектах грамадскага харчавання горада практычна падвоілася», — сказаў субяседнік.

Сучасныя гандлёвыя аб'екты горада паступова выцясняюць з рынку менш рэнтабельныя і менш эфектыўныя аб'екты, прапануючы больш тэхналагічны фармат гандлю і прыўносячы ў сферу гандлю новыя тэхналогіі і ІТ-рашэнні. У большасці гандлёвых сетак усё камп'ютарызавана, укаранёны сучасныя сістэмы абмену данымі паміж магазінамі і пастаўшчыкамі.

Цяпер у сталіцы функцыянуюць 5,5 тыс. магазінаў, з якіх 1,5 тыс. прадуктовых, 77 гандлёвых цэнтраў, 25 рынкаў, 2,4 тыс. аб'ектаў грамадскага харчавання, у тым ліку 1750 — у агульнадаступнай сетцы. Сталіцу абслугоўваюць 28 супермаркетаў і 20 гіпермаркетаў. Забяспечанасць гандлёвымі плошчамі на адну тысячу чалавек складае 587 кв.м і 44,2 месца ў агульнадаступнай сетцы грамадскага харчавання. Да канца бягучага года гэтыя паказчыкі павінны ўзрасці да 600 кв.м і 45 месц адпаведна, што будзе супастаўна з такімі гарадамі, як Масква (43,7 месца) і Кіеў (52,8 месца).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?