73-гадовы пенсіянер Юрый Салашэнка прызнаны вінаватым у шпіянажы на карысць Украіны і прысуджаны Масгарсудом да шасці гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Пры гэтым Салашэнка цалкам прызнаў сваю віну, ён не будзе абскарджваць прысуд і спадзяецца на экстрадыцыю ва Украіну, паведаміў яго адвакат Генадзь Блахін.

Суд палічыў магчымым прызначыць Салашэнку пакаранне ніжэй найнізкай мяжы — за шпіянаж Крымінальны кодэкс РФ прадугледжвае ад 10 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

Па сцвярджэнні прэс-службы ФСБ Расіі, Салашэнка спрабаваў купіць сакрэтныя камплектуючыя да зенітна-ракетных комплексаў С-300.

«Пры гэтым ён дзейнічаў ад імя Дзяржаўнага прадпрыемства «Завод «Генератар» і Карпарацыі «Неба Украіны», а плануемыя да куплі вырабы прызначаліся для аднаўлення сродкаў СПА Украіны», — цытуе ТАСС прадстаўніка ФСБ.

У мінулым Юрый Салашэнка займаў пасаду дырэктара ўкраінскага завода «Знамя», якое ў тым ліку выпускала абсталяванне для сродкаў супрацьпаветранай абароны.

Ён быў затрыманы ў жніўні 2014 года ў Маскве, дзе знаходзіўся ў дзелавой паездцы.

Пры арышце ў яго былі канфіскаваныя 6 тысяч даляраў, якія, як мяркуе следства, ён планаваў выдаткаваць на куплю сакрэтных вырабаў.

На думку яго сына Аляксандра, яго бацьку «падставіў» знаёмы, якому Салашэнка дапамагаў з кантактамі ў расійскай і ўкраінскай абароннай прамысловасці.

«Прадпрыемства, якім ён кіраваў, выжывала за кошт расійскіх заказаў: за часы незалежнасці не паступіла ні аднаго дзяржзаказу. Так што нічога сакрэтнага ні ў нас, ні ў расейцаў не было — гэта была адзіная сістэма. І абвінавачанне ў шпіянажы — гэта проста абсурдна. Дакладнага разумення, чаму затрымалі бацьку, ні ў каго няма», — цытуе Аляксандра Салашэнку Інтэрфакс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?