13 кастрычніка з акна шматпавярховіка па вуліцы Лынькова ў Мінску выкінулі падпаленую канапу, паведамляе МНС Беларусі.
Ратавальнікі, якія выехалі на месца здарэння, высветлілі, што прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём. Жонка гаспадара кватэры была нецвярозая. Яна паліла на балконе, але патушыць недакурак забылася. Мабыць, у паніцы 31-гадовая жанчына выкінула з балкона фрагмент абгарэлай мэблі.
Часткі канапы зваліліся на прыпаркаваны Dodge Caliber 2006 года выпуску. На шчасце, падпаленыя «снарады» пашкодзілі толькі лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля. Ніхто не пацярпеў.
Дарэчы, пажарны апавяшчальнік у кватэры не спрацаваў — у ім не было батарэек.