Навіна пра аварыю пад Менскам, калі дзеля таго каб спыніць п’янога кіроўцу, які імчаў на хуткасьці 150 км/г, ДАІ выставіла шчыт з чатырох машын зь людзьмі ў салёне, узрушыла ўсю краіну.

ДАІ хавала імя кіроўцы‑ліхача да канца разьбіральніцтва. «Камсамолцы» ўсё ж удалося знайсьці імя парушальніка. 27‑гадовы Раман працуе ў Менску будаўніком. Як расказаў Раман «КП», яго ўжо тройчы судзілі. У 16 гадоў абрабаваў краму, чатыры гады таму без дазволу ўзяў пакатацца машыну ў свайго дзядзькі. Родны напісаў заяву, ліхачу далі тры гады ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Трэцяя судзімасьць — за бойку. Атрымаў тры месяцы пазбаўленьня волі. Выйшаў чатыры месяцы таму. Агульны стаж адседкі ў яго — 10 год і тры месяцы.

Ды гэта ўсё драбяза. Высьвятляецца, сем гадоў хлопец кіруе машынай без правоў (!). Ён ніколі не вучыўся ў аўташколе і не зьбіраецца гэтага рабіць.

Мяне вучыла маці. А ў яе кіроўчы стаж 20 год! Гэта дастаткова, каб навучыць кіраваць, я думаю, — спакойна адказаў Раман на пытаньне «Камсамолкі»: «Як такое наагул магчыма?»

«КП» пісала, што, нягледзячы на сытуацыю, вінаватыя ў аварыі (кіроўца і яго дзяўчына Вольга, што ў момант сутыкненьня знаходзілася побач у машыне) плянуюць пабрацца шлюбам. У дзень росьпісу маладую выклікалі на мэдыцынскі агляд. Вольга чакала Рамана з турмаў і адмяняць такую падзею яны не плянуюць.

Таксама сталі вядомымі і іншыя падрабязнасьці. Няшчасны чырвоны «Гольф», на якім ехалі ліхачы, належыць не Раману, а бацьку ягонай нявесты Вольгі.

‑ У мяне правы ёсьць, і першую частку дарогі — ад Гомелю да Слуцку — за рулём была я, — расказвае Вольга. — Кіроўчы стаж у мяне невялікі — чатыры гады. На вуліцы было цёмна, я стамілася і перадала машыну Раману. Ён добра кіруе. Ну так, выпіў… Я ў машыне была адзіная цьвярозая.

ПЫТАНЬНЕ РУБАМ

Тое, што Раман не спыніўся на патрабаваньне ДАІ, — гэта не крымінальны, а адміністратыўны артыкул. Ён прадугледжвае арышт ня больш чым на 15 сутак. Чаму ліхач не арыштаваны, не зразумела. Відаць, таму што да апошняга часу знаходзіўся ў шпіталі.

Чыста тэарэтычна віна Рамана ў тым, што ён сеў за руль п’яным, перавысіў хуткасьць, не падпарадкаваўся патрабаваньням супрацоўнікаў ДАІ, якія хацелі яго спыніць… Яго дзеяньні трапляюць пад некалькі артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу — максымум штрафы і арышт на «суткі».

У Вольгі менш цяжкія цялесныя пашкоджаньні. Гэта ўжо крымінальны артыкул. Максымум — пазбаўленьне волі да двух гадоў. У іншых удзельнікаў гэтай аварыі, што знаходзіліся ў машынах «жывога шчыта», лёгкія цялесныя пашкоджаньні.

Адказваць, паводле закону, будзе і Вольга. Яна перадала руль п’яному кіроўцу без правоў. Ёй пагражае штраф альбо арышт.

ХТО ЗАПЛАЦІЦЬ ЗА РАЗЬБІТЫЯ МАШЫНЫ?

У чатырох машынах «жывога шчыта» знаходзіліся 6 чалавек. У тым ліку і трохгадовая дзяўчынка.

Мы падалі 11 сакавіка скаргу пракурору гораду Менску. Просім правесьці праверку і прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў ДАІ, што наўмысна стварылі на дарозе аварыйную сытуацыю, чым падверглі небясьпецы жыцьці, — патлумачыла Вера Страмкоўская, адвакатка пацярпелых. — Учора, 14 сакавіка, пацярпелых сталі выклікаць у пракуратуру для дачы паказаньняў. Мы чакаем выклік на месца здарэньня з усімі ўдзельнікамі здарэньня.

Кампаніі, што застрахавалі аўто пацярпелых у ДТЗ, выплацяць ім страхавую кампэнсацыю ў поўным аб’ёме.

Машыны ў п’яных кіроўцаў будуць забіраць?

Пасьля аварыі з «жывым шчытом» беларускія даішнікі хочуць унесьці ў закон гэтае жорсткае пакараньне.

ТОЛЬКІ ЛІЧБЫ

196 загіблых па віне нецьвярозых кіроўцаў у 2006 годзе

195 — у 2007‑м.

У пятніцу, 14 сакавіка, Аляксандар Мендзялееў, старшыня ўпраўленьня ДАІ МУС РБ, расказаў «Інтэрфаксу» пра… (публікуем урыўкі інтэрвію):

Ці будуць аплачвацца шматмільённыя штрафы за кошт забраных аўтамабіляў?

‑ Раней была норма, паводле якой транспартны сродак забіралі дзеля кампэнсацыі. Бо пазбаўляючы кіроўцу права кіраваць транспартам, мы пакідаем яму аўтамабіль, пакідаем і спакусу паехаць… Забіраньне машыны дзеля кампэнсацыі — гэта забіраньне, продаж, аплата за кошт атрыманых сродкаў усіх расходаў, штрафаў… Рэшткі пры гэтым вяртаюцца былому гаспадару машыны. Але выкарыстаньне такіх норм запатрабуе ня толькі ўнясеньня зьменаў у заканадаўства, але і падрыхтаванасьці грамадзтва.

У турму саджаць ня будуць?

‑ Калі крымінальную адказнасьць і пакідаць (за кіраваньне ў нецьвярозым стане — Рэд.), то не саджаць парушальніка ў турму. Кім ён адтуль выйдзе? Ён атрымае новыя навыкі правапарушэньняў, і ня толькі ў дарожным руху. Я не кажу ўжо пра тое, што дзяржава яго ў турме вымушаная ўтрымліваць.

Рэмень бясьпекі на заднім сядзеньні стане абавязковым?

Той, хто сядзіць ззаду, калі ён не прышпілены, пры тармажэньні траўміруе сябе, траўміруе таго, хто, прышпілены, сядзіць наперадзе. Двайны нэгатыўны эфэкт.

У аўташколах стане больш псыхалёгіі?

‑ Мы просім павялічыць ня толькі час практычнай падрыхтоўкі, але і колькасьць гадзінаў псыхалёгіі ў школах кіраваньня для таго, каб павышаць культуру на дарогах. Нашае стаўленьне да іншых аўтамабіляў вельмі часта правакуе ДТЗ. Адбываецца гэта па адной простай прычыне: мы так доўга чакалі магчымасьці набыць аўтамабіль, што сёньня кожны хоча быць галоўным на дарозе. Напрыклад, у суседнім шэрагу машына хоча памяняць паласу. Ты ж, замест таго каб яе прапусьціць, цісьнеш на газ і задаволены — не праз тое, што прапусьціў, а праз тое, што ня даў праехаць. У Эўропе гэты этап даўно прайшлі.

Ірына Козьлік, КП в Беларуси

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0