Берасьцейцы перасьпявалі па-украінску твор «Тепла зима». Яе аўтар Андрэй Кузьменка хацеў, каб гэтая песьня гучала з кожнай разэткі.

Sciana кавэраў ня робіць. Выключэньняў за 16 год існаваньня каманды было толькі два – трэк «Я еду», запісаны для трыб’юту N.R.M., які атрымаўся ці ня лепшым за арыгінал. І цяперашняя прэм’ера – «Тепла зима» гурту «Скрябін». «Мы памятаем выступ Кузьмы на «Захід 2014». Гэта было настолькі шчыра, адкрыта і эмацыйна моцна, што станавілася зразумела: ён адзін з самых улюбёных людзей на рок-сцэне Украіны. А праз паўгады нечаканая трагічная навіна – Кузьмы болей няма. Таму гэтая песьня – даніна памяці чалавеку, якога мы паважаем і памятаем», – кажуць музыкі. Майстарынг і зьвядзеньне кампазыцыі зрабіў Раман Грынберг.

Песьню «Тепла зима» берасьцейцы лічаць адной з самых актуальных твораў Кузьмы на сёньня. Сам аўтар, прадстаўляючы яе публіцы ў 2010 годзе, сказаў, што гэты твор – «ёсьць ня проста канстатацыяй факту, а проста такі крык, нават не пра дапамогу ці пра патрэбу рэвалюцыі». «Я канстатую факт і проста хачу, каб людзі паслухалі і зразумелі, што ўся бяда празь нас саміх. Мы ім даем тое рабіць, ім згаджаемся, мы ідзем за іх галасуем. Усе нашы людзі мусяць зразумець: калі хоць бы раз кожны падасьць голас, то ім стане страшна. Калі я гаўкаю адзін, ніхто баяцца ня будзе. А 40 мільёнаў гэта настолькі багата народу, што калі той лай уздымецца, то кожны абасрэцца і здасьць аналіз за цэлую Конча-Заспу. І я бы дужа хацеў, каб песьня гучала проста з кожнай разэткі». Андрэй «Кузьма» Кузьменка загінуў 2 лютага 2015 году ў выніку ДТЗ.

Sciana вырашыла не перакладаць песьню і выканаць яе ў арыгінале. «Україна для нас – свая краіна, дзе мы часта граем, дзе жывуць нашы сябры. І тое, што там адбываецца, нас кранае надзвычай. Мы вельмі хочам, каб там наступіў урэшце рэшт мір і ўсе ўкраінцы жылі ў згодзе, у незалежнасьці ад сваіх поглядаў», – зазначаюць удзельнікі беларускага гурта.

17 кастрычніка Sciana выступіць у Івана-Франкоўску ў клюбе «Biblioteka», 18 кастрычніка гурт можна будзе пачуць ужывую ў Львове, у клюбе «Underground». Падрабязнасьці пра бліжэйшыя канцэрты гурту – у афіцыйнай суполцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?