Інданезія ўвяла бязвізавы рэжым для беларускіх турыстаў, якія плануюць прабыць у краіне не больш як 30 дзён. Пра гэта сёння паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык.

«У адпаведнасці з рашэннем урада Інданезіі для грамадзян Беларусі ўведзены бязвізавы ўезд на тэрыторыю Інданезіі пры кароткатэрміновых, да 30 дзён, паездках у турыстычных мэтах», — сказаў Дзмітрый Мірончык.

Права бязвізавага перасячэння граніцы Інданезіі прадастаўляецца пры ўмове ўезду і выезду праз вызначаныя інданезійскім бокам пункты пропуску ў аэрапортах, партах і на пагранічных пераходах. Для бязвізавага ўезду ў Інданезію грамадзяне Беларусі павінны прад'явіць білет назад і пашпарт, да заканчэння тэрміну дзеяння якога застаецца не менш як шэсць месяцаў з моманту перасячэння граніцы Інданезіі.

Тэрмін знаходжання на інданезійскай тэрыторыі не павінен перасягаць 30 дзён і не падлягае прадаўжэнню. Пры турыстычных паездках працягласцю больш за 30 дзён, а таксама паездках у іншых мэтах для грамадзян Беларусі захоўваецца магчымасць атрымання візы пасля прыбыцця ў Інданезію. Гэты парадак дзейнічае ў адносінах да беларускіх грамадзян з 16 сакавіка 2015 года

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?