Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што Расія парушыла шэраг артыкулаў Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека ў справе трох сірыйскіх грамадзян, паведамілі ў прэс-службе суда.

Заяўнікі — палестынец з Сірыі без грамадзянства і двое сірыйскіх грамадзян — заехалі ў Расію ў 2013 годзе і на момант падачы пазоваў у ЕСПЧ знаходзіліся ў цэнтры размяшчэння мігрантаў у Малаяраслаўцы Калужскай вобласці.

У сакавіку 2013 года яны былі арыштаваныя і прызнаныя вінаватымі ў парушэнні правілаў знаходжання ў Расіі і ў працы без рэгістрацыі.

У цяперашні час двое з іх чакаюць дэпартацыі ў цэнтры размяшчэння мігрантаў, яшчэ адзін збег.

Суд пастанавіў, што Расія не выканала абавязацельствы па артыкуле 34 (права на індывідуальную скаргу) — паколькі пазоўнікам не дазвалялі сустрэцца з адвакатамі, а таксама па двух пунктах артыкула 5 — аб праве на свабоду і бяспеку.

Акрамя таго, як гаворыцца ў камюніке суда, заяўнікі дастаткова абгрунтавалі сцвярджэнні, што іх прымусовае вяртанне ў Сірыю, дзе ідуць ваенныя дзеянні, пацягне за сабой парушэнне артыкула 2 (права на жыццё) і артыкула 3 (забарона катаванняў і бесчалавечнага абыходжання) Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека.

Суд пастанавіў выплаціць кожнаму з пазоўнікаў па 9 тысяч еўра нематэрыяльнай шкоды і 8,6 тысячы еўра на судовыя выдаткі, а таксама неадкладна вызваліць іх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?