Украіна абраная непастаянным сябрам Рады Бяспекі ААН на 2016—2017 гады.

За такое рашэнне прагаласавалі 177 краін з 193 сяброў Генасамблеі ААН.

Украіна ўжо тройчы абіралася ў склад непастаянных сяброў Рады бяспекі ААН, апошні раз у 2001—2002 гг.

Раней кіраўнік МЗС Павел Клімкін заяўляў, што пазіцыя Кіева падчас працы Рады бяспекі «дакладна не будзе прымірэнчая» ў дачыненні да Расіі, якая з'яўляецца пастаянным сябрам гэтага органа.

«Абранне ў Раду Бяспекі з'яўляецца асабліва важным для нас на фоне расійскай агрэсіі. Упершыню мы атрымалі абсалютна унікальную сітуацыю, якую нельга было ўявіць, што пастаянны сябра Рады бяспекі — гэта агрэсар, які вядзе гібрыдную вайну супраць Украіны», — сказаў Клімкін.

Акрамя Украіны статус непастаяннага сябра Рады бяспекі ААН таксама атрымалі Японія, Егіпет, Сенегал і Уругвай.

Новыя непастаянныя сябры Рады бяспекі пачнуць выконваць свае абавязкі 1 студзеня 2016, замяніўшы сабой Чад, Чылі, Іарданію, Літву і Нігерыю.

У Раду Бяспекі ААН ўваходзяць 15 краін. Пастаяннымі сябрамі арганізацыі з'яўляюцца толькі пяць з іх: Вялікабрытанія, Кітай, Расія (як правапераемніца СССР), ЗША і Францыя. Яны таксама маюць права вета падчас галасавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?