Як паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, прыкладна ў 19.50 на аўтадарозе Мазыр—Оўруч адбылося ДТЗ: сутыкнуліся аўтамабілі «Аўдзі» і «Мазда». Ад удару «Мазда» загарэлася.

«У гэты час тут праязджаў намеснік начальніка Нараўлянскага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Бялько, які спыніўся і разам з іншымі аўтамабілістамі стаў збіваць полымя з аўтамабіля вогнетушыцелямі. Супрацоўнік МНС паспрабаваў выцягнуць з салона вадзіцеля, але дзверы былі заблакаваны, а потым ён на заднім сядзенні заўважыў дзяўчынку, якую яму ўдалося выратаваць, разбіўшы шкло», — сказаў Р.Габрылёў.

Паводле слоў прэс‑сакратара, ратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння, вынялі з аўтамабіля труп бацькі дзяўчынкі, 1960 года нараджэння, і параненую маці, 1971 года нараджэння. Маці і дачка дастаўлены ў бальніцу.

Вадзіцель «Аўдзі», 1984 года нараджэння, кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане. Ён не пацярпеў.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0