Беларусь экстрадавала ў Расію дырэктара фірмы, які абвінавачваецца ў растраце пры будаўніцтве касмадрома «Усходні».
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2015_06/zatr-b95qf.jpg.webp)
Бізнэсмен быў затрыманы ў Мінску 1 чэрвеня па запыце расійскага боку. У Расіі супраць яго распачатая крымінальная справа па артыкуле «прысваенне або растрата ў асабліва буйным памеры».
Як заяўляла МУС Беларусі, на думку следства, фірма затрыманага была адным з падрадчыкаў на будаўніцтве касмадрома ў Амурскай вобласці, «атрымала перадаплату ў суме каля 4 млн рублёў ($65,6 тыс.), якая была выдаткаваная на фінансава-гаспадарчую дзейнасць, не звязаную з будаўніцтвам аб'екта».
Арышт бізнэсмена ў Мінску прыцягнуў увагу тым, што ён ездзіў у аўтамабілі «мерседэс», цалкам пакрытым стразамі «Свароўскі» (машына належала яго знаёмаму).
Касмадром «Усходні» ў Прыамур'і павінен стаць асноўнай стартавай пляцоўкай для запускаў расійскіх касмічных ракет. Яго будаўніцтва суправаджалася шэрагам скандалаў, звязаных з нявыплатай зарплаты рабочым. Яны некалькі разоў аб'яўлялі галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў працадаўцаў, а таксама звярталіся да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Генпадрадчык будаўніцтва таксама скардзіўся на непагашаны Раскосмасам доўг у 20 млрд рублёў.
Завяршыць будаўніцтва планавалася да 30 лістапада гэтага года, аднак пасля візіту Пуціна на будпляцоўку дату першых магчымых запускаў перанеслі на вясну 2016 года.
Каментары