Венгрыя ў ноч на 17 кастрычніка закрыла мяжу з Харватыяй, каб не дапусціць бескантрольны ўезд бежанцаў на тэрыторыю краіны. Напярэдадні аб гэтым рашэнні паведаміў міністр замежных спраў Петэр Сіярта.

Саміт ЕС не прынёс ніякага істотнага рашэння, якое б забяспечыла ахову вонкавых межаў Еўрасаюза, абгрунтаваў міністр рашэнне венгерскага ўрада. Адначасова з гэтым, паводле яго слоў, ЕС патрабуе ад Венгрыі захавання Шэнгенскіх пагадненняў.

Венгерскія ўлады днём раней абвясцілі пра заканчэнне будаўніцтва загароды на мяжы з Харватыяй. Яе працягласць складае 300 кіламетраў, з якіх дзве траціны праходзіць па рэках Драва і Мура. Раней Венгрыя абсталявала загародай сваю 175-кіламетровую мяжу з Сербіяй. Пасля гэтага ўцекачы з Блізкага Усходу і з Афрыкі па шляху ў Заходнюю Еўропу сталі прыбываць у Венгрыю праз Харватыю.

Па дадзеных МУС, толькі за адзін дзень — 15 кастрычніка — у Венгрыю прыбылі больш як 4,8 тысячы бежанцаў, прычым большасць — з Харватыі. На мяжы венгерскія ўлады размяркоўваюць іх па аўтобусах і адвозяць на аўстрыйскую мяжу.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?