У Беларусі адбываецца шмат дзіўнага, што ўваходзіць у супярэчнасць з законамі і нават здаровым сэнсам. Сярод такіх дзівосаў — сітуацыі вакол нацыянальнага сімвала «Пагоня». Герб занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а за шалік з «Пагоняй» на футболе даюць штрафы. «Пагоня» ёсць на гербах гарадоў і абласцей Беларусі, а хлопцаў, якія надзелі з ёю цішоткі, выганяюць са школы.

А між тым пра «Пагоню» пісаў вершы класік беларускай літаратуры Максім Багдановіч. Пра «Пагоню» спяваў Уладзімір Мулявін з ансамблем «Песняры», а Аляксандр Лукашэнка клаў руку на канстытуцыю Беларусі з «Пагоняй», калі прымаў першы раз прысягу на пасаду прэзідэнта.

«Пагоня» — гэта нацыянальны герб Беларусі, упершыню зафіксаваны ў гістарычных крыніцах у 1291 годзе. Між тым зафіксаваныя шматлікія выпадкі, калі за публічнае выкарыстанне нацыянальных сімвалаў беларусы становяцца ахвярамі незаконных дзеянняў дзяржаўных структур. Такое ўражанне, што Беларусь — краіна акупаваная, дзе чыесьці таемныя загады значаць больш, чым нацыянальныя законы і канстытуцыя.

У сувязі з гэтым моладзевая суполка «Арт-сядзіба» распачала кампанію салідарнасці «Пагоня побач — будзем жыць».

Юнакі заклікалі публікаваць у сацыяльных сетках уласныя фота з «Пагоняй» з хэштэгам #ПагоняПобач.

Таксама юнакі заклікаюць самастойна распаўсюджваць «Пагоню» ў выглядзе налепак, магнітаў, значкаў, бранзалетаў, цішотак і любых іншых рэчаў.

«Арт-сядзіба» адмыслова сабрала 14 варыянтаў герба ў вектарным і растравым фарматах для вашай творчасці і самастойнага стварэння рознай прадукцыі для распаўсюду, якія вольна можна спампаваць тут.

Ёсць магчымасць таксама падтрымаць кадэтаў Ястрэмбельскай школы-інтэрната, падпісаўшы петыцыю ці напрамую звярнуўшыся да міністра адукацыі.

Калі вы хочаце фінансава падтрымаць кампанію #ПагоняПобач, каб выпусціць налепкі акцыі з «Пагоняй» для бясплатнага распаўсюду іх па Беларусі, то звяртайцеся да на e-mail: [email protected] альбо прыходзьце ў офіс. «Арт-сядзіба» абяцае забяспечыць хуткі выраб і распаўсюд налепак салідарнасці з «Пагоняй» па ўсёй Беларусі.

І памятайце, што «Пагоня» — гістарычная каштоўнасць Беларускага народа! — заклікаюць артсядзібаўцы.

Галоўная задача акцыі адна — каб любы пераслед за выкарыстанне «Пагоні» спыніўся, а да беларусаў перасталі ставіцца як да паднявольнага народа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0