Менгарвыканкам пакуль ня даў адказу заяўнікам Дня Волі. Старшыня Партыі БНФ кажа, што месца збору застаецца нязьменным.

«25 сакавіка а 18‑й зьбіраемся на Плошчы Якуба Коласа ». Пра гэта заявіў старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі пры канцы прэзэнтацыі кнігі ўспамінаў Івонкі Сурвілы «Дарога», што прайшла ў панядзелак увечары на менскай сядзібе БНФ.

«Менскія гарадзкія ўлады пакуль не далі адказу заяўнікам акцыі на Дзень Волі, адзначыў Л. Баршчэўскі, ‑‑ таму зьбіраемся а 18‑й на Плошчы Якуба Коласа. (...) Пажадана будзе мець хаця б тры гвазьдзікі: белы, чырвоны і белы. Будзем сьпяваць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

Нагадаем, што сёлета правядзеньне акцыі на Дзень Волі плянуецца па новым маршруце. Збор а 18:00 на плошчы Якуба Коласа, шэсьце па праспэкце Незалежнасьці, вуліцах Валадарскага, Гарадзкі Вал, канчатковым пунктам мусіць стаць помнік Максіму Багдановічу, што ля опэры. Цягам акцыі арганізатары плянуюць ускласьці кветкі да помнікаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча і Максіма Багдановіча.

Заяўнікамі вулічнай акцыі выступілі Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч.

Адпаведная заяўка была пададзена ў Менгарвыканкам 6 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0