Сайт BulletinOnline.org паведаміў сэнсацыйныя зьвесткі: халодна прынятая беларускімі гледачамі «Настасься Слуцкая» сабрала ў Расеі 7 мільёнаў даляраў касы. «Куды глядзіць беларуская пракуратура?» — пытаецца аўтар артыкулу Яўген Крастоўскі.

Створаны беларусамі ў 2003 годзе гістарычны мастацкі фільм «Настасься Слуцкая» быў прададзены расейскай кампаніі за сьціплыя 8 з паловай тысячаў даляраў. Новыя ўладальнікі стужкі памянялі назву фільму на «Княгіня Слуцкая» й запусьцілі яе ў расейскія гандлёвыя сеткі. Ужо ў 2005-м з Расеі дайшлі зьвесткі пра посьпех карціны, але названая BulletinOnline.org сума збораў у больш як 7 мільёнаў даляраў ня можа ня ўражваць.

Аўтар артыкулу не назыве крыніцы інфармацыі, таму названай суме няпроста даць веры. У інтэрнэце складана знасьці хоць якія водгукі гледачоў карціны, аўтарытэтны рэйтынг IMDB набраў усяго 8 глядацкіх галасоў, ды і тыя ацанілі фільм вельмі пасрэдна. Падобныя вынікі глядацкай увагі дэманструе і расейскі kinopoisk.ru.

Часопіс Total DVD у сваім аглядзе зьвяртае ўвагу на нізкую якасьць дыску і дае наступную характарыстыку самому фільму: «Замест новага слова ў гісторыі беларускага кіно атрымалася карціна ў найгоршых традыцыях савецкіх гістарычных стужак — сюжэтна няўцямная, з па-аматарску пастаўленымі баямі, кляўстрафабічнымі буйнымі плянамі і трэшавай «аголенкай»…»

Для параўнаньня, шырока разрэклямаваны, высокабюджэтны расейскі фільм гістарычнай тэматыкі «1612» меў непараўнальна большую аўдыторыю, пракат і рэакцыю, а тым ня менш не набраў агулам і 6 мільёнаў даляраў.

Як удалося і ці ўдалося слуцкай княгіні абскакаць такіх паважных канкурэнтаў, застаецца яшчэ адной гістарычнай загадкай.

Глядзі яшчэ:
«Настасься Слуцкая» — любімы замежны фільм кітайцаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?