Рэгулярныя ўзброеныя сілы Эстоніі налічваюць усяго каля 6.000 чалавек — па колькасці гэта ўсяго паўтары-дзве мотастралковыя брыгады расійскай арміі.

Эстонская ліга абароны, фота err.ee

Эстонская ліга абароны, фота err.ee

Аднак у выпадку канфлікту на дапамогу прыбалтыйскай краіне прыйдуць загадзя падрыхтаваныя рэзервісты, хаўруснікі па НАТА і фарміраванні добраахвотнікаў «Эстонская ліга абароны» (ЭЛА, эст. Kaitseliit).

ЭЛА з'яўляецца афіцыйнай часткай Сіл абароны Эстоніі і падпарадкоўваецца Міністэрству абароны краіны. Добраахвотнікі атрымліваюць ад дзяржавы зброю і рыштунак і арганізоўваюцца па тэрытарыяльным прынцыпе ў 15 рэгіянальных палкоў.

Такім чынам атрымліваецца, што ў Эстонскай лізе абароны знаходзіцца ў 3 разы болей жаўнераў, чым у рэгулярнай арміі — каля 15.000. Яшчэ прыкладна 9.000 сяброў маюць добраахвотныя вайсковыя арганізацыі для падлеткаў і жанчын, якія таксама падпарадкоўваюцца ЭЛА.

У сувязі з расійскай агрэсіяй супраць Украіны Эстонія вырашыла дадаткова павялічыць сілы ЭЛА — да 30.000 — і палепшыць яе ўзбраенне, піша партал defence24.pl.

Пры невялікім памеры рэгулярнай арміі менавіта добраахвотніцкія палкі ЭЛА будуць першым шчытом ад замежнай агрэсіі, які зможа аператыўна адрэагаваць на з'яўленне «узрушаных расійскамоўных шахцёраў».

Эстонія не адмаўлялася ад прызыву, таму цяпер мае яшчэ каля 60.000 падрыхтаваных рэзервістаў, якія могуць быць пакліканыя ў войска, аднак на іх мабілізацыю і ўзбраенне будзе патрэбна як мінімум некалькі дзён.

У 2014 годзе парламент Эстоніі пачаў абмяркоўваць увядзенне прызыву на вайсковую службу для жанчын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?