Як мінімум трое расейцаў, якія ваявалі на баку войскаў прэзідэнта Сірыі Башара Асада, загінулі, а яшчэ некалькі атрымалі раненні ў выніку артылерыйскага абстрэлу ў правінцыі Латакія.
Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters, спасылаючыся на высокапастаўленую крыніцу ў войску Асада.
Расійскі наземны персанал абслугоўвае самалёты на базе ў Сірыі, фота warontherocks.com
Гэтыя дадзеныя могуць сведчыць пра першыя баявыя страты расійскага вайсковага кантынгенту, які прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін накіраваў на дапамогу свайму хаўрусніку ў канцы верасня.
Афіцыйныя прадстаўнікі РФ і Сірыі адмовіліся ад каментароў, піша Reuters.
Як мінімум 20 расейцаў знаходзіліся на пазіцыях у раёне Набі Юніс, калі іх абстралялі баевікі, паведаміла крыніца Reuters.
Крэмль заяўляў, што расійскія войскі не вядуць наземных баявых дзеянняў у Сірыі, аднак дзейнічаюць як інструктары і дарадчыкі, а таксама абараняюць расійскія базы.