Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці праверыў дзейнасць футбольнага клуба «Славія-Мазыр» і ўстанавіў шэраг парушэнняў. 

Як паведамляе кантрольнае ведамства, футбольным клубам дапушчаныя факты заніжэння пазарэалізацыйных даходаў, што ўлічваюцца пры падаткаабкладанні, неўключэння ў склад аб'ектаў абкладання зямельным падаткам зямельнага ўчастка плошчай 0,01077 га, а таксама несвоечасовага пералічэння падаходнага падатку. У выніку парушэнняў футбольнаму клубу даналічаныя і выстаўленыя да выплаты падаткі, зборы і пені на 344,2 млн рублёў. У перыяд з сакавіка па снежань 2014 года футбольным клубам не выконваліся ўстаноўленыя межавыя памеры выплат кіраўніку і іншым работнікам клуба, што прывяло да залішняй выплаты заработнай платы больш як на 102,2 млн рублёў.

Паводле інфармацыі КДК Гомельскай вобласці, футбольным клубам таксама дапушчанае нямэтавае выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі на 188,2 млн рублёў, атрыманай на развіццё дзіцяча-юнацкага футбола.

Пры разліках з установай «СДЮШАР № 1 г. Мазыра» за спажытыя камунальныя паслугі і аказаныя паслугі спартыўных пабудоў ФК не кампенсаваныя ўказаныя паслугі на 80,4 млн рублёў з улікам стаўкі рэфінансавання.

Медыцынскую дзейнасць па правядзенні масажу футбольны клуб ажыццяўляў без атрымання ва ўстаноўленым парадку спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) Міністэрства аховы здароўя.

Апрача таго, футбольным клубам дапушчаныя скажэнне звестак статыстычнай справаздачнасці, несвоечасовая выплата заработнай платы за сакавік 2015 года і іншыя парушэнні.

Паводле вынікаў праверкі футбольным клубам кампенсаваныя ў бюджэт 469,6 млн рублёў, часткова кампенсаваная залішне выплачаная заработная плата на 70,5 млн рублёў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя дзве службовыя асобы на 4,3 млн рублёў, разглядаецца пытанне аб прыцягненні футбольнага клуба да адміністрацыйнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?