Маладзёжная арганізацыя Аб\’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) «Маладыя дэмакраты» 18 сакавіка перадала УП «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» некалькі рулонаў туалетнай паперы ў адказ на патрабаванне прадпрыемства спагнаць з арганізатараў Еўрапейскага маршу больш за 2,1 млн. рублёў.

Як паведаміў БелаПАН намеснік старшыні арганізацыі Міхаіл Пашкевіч, перадача туалетнай паперы прайшла ў офісе прадпрыемства, якое выставіла судовы іск заяўнікам Еўрапейскага маршу.

Унітарнае прадпрыемства «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» патрабуе спагнаць з заяўнікаў маршу 2 мільёны 135 тысяч 974 беларускія рублі.

Як згадана ў іску, пры правядзенні Еўрапейскага маршу 14 кастрычніка 2007 года ў Мінску арганізатары акцыі змянілі месца збору, маршрут руху і месца правядзення, якія былі ўстаноўлены Мінгарвыканкамам, пры гэтым «Кастрычніцкая плошча і тратуары праспекта Незалежнасці на ўчастку ад Кастрычніцкай плошчы да вул. Сурганава былі вельмі забруджаны, што пацягнула дадатковыя расходы па прыборцы і вывазе смецця».

Асобным артыкулам расходаў была ўказана туалетная папера — паводле падлікаў «Гаррамаўтадара», за час правядзення Еўрапейскага маршу яе было зрасходавана чатыры рулоны.

«Падчас перадачы туалетнай паперы генеральнага дырэктара Івана Гурыновіча на працоўным месцы не было. Яго сакратар паведаміла нам, што дырэктар не інфармуе яе аб сваім месцазнаходжанні. Тым не менш яна ласкава пагадзілася прыняць падарунак для свайго шэфа», — сказаў М.Пашкевіч.

«Кошт аднаго рулона больш за 800 рублёў — замест 325 рублёў, якія Гурыновіч просіць у сваім іску. Думаю, гэта павінна кампенсаваць яго маральныя і духоўныя пакуты. Шкада, што не змаглі перадаць наш падарунак у рукі Івана Васільевіча. Затое, думаю, пра падарунак праз гадзіну будзе ведаць уся іх арганізацыя», — паведаміў М.Пашкевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0