На сваёй першай за пяць гадоў прэс-канферэнцыі экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў распавёў аб сваёй версіі крывавых падзеяў 7 красавіка 2010 года ў Бішкеку і пра сваё жыццё ў Беларусі. Сустрэча з журналістамі прайшла з нагоды прэзентацыі кнігі Бакіева «Боль, любоў, надзея, мой Кыргызстан».

Бакіеў заявіў, што пачаў пісаць кнігу ў мінулым годзе з трох прычын. Па-першае, бо на яго «працягваюцца нападкі» сённяшніх кіргізскіх уладаў. «Так, я заслугоўваю крытыкі, але такога агульнага ганьбавання не заслугоўваю», — лічыць ён. Другая прычына, якая заахвоціла яго выказацца, кніга журналіста Ырысбека Амурзакава, у якой ён падкрэслівае, што ніводны з загінулых у той дзень, па дадзеных балістычнай экспертызы, не быў застрэлены са зброі абаронцаў Белага дома.

Па словах Бакіева, які спасылаецца на дадзеныя гэтай экспертызы, раненні ў забітых былі з дробнакаліберных вінтовак, драбавікоў, а некаторыя загінулі ад колатых ран. Трэцяя прычына — цяперашнія ўлады, на думку экс-прэзідэнта, прысвойваюць сабе тыя эканамічныя праекты, якія ён пачынаў у сваю бытнасць кіраўніком Кыргызстана. Ён заявіў, што вялікая частка кнігі прысвечана эканоміцы, і растлумачыў, што вынікі яго кіравання краінай станоўча адрозніваюцца ад таго, што зрабіла цяперашняя ўлада.

Бакіеў лічыць, што «дзяржпераварот бы не адбыўся без падтрымкі знешніх сіл».

Пры гэтым ён адмовіўся адказваць на пытанне, якія менавіта знешнія сілы стаялі за звяржэннем улады, заявіўшы, што здагадваецца, але прама казаць не можа, бо «гэта можа пашкодзіць шматлікім людзям».

Сённяшнія суды ў дачыненні да яго, яго прыхільнікаў і сваякоў ён назваў «палітычным заказам».

Бакіеў не шкадуе, што прыняў рашэнне не разганяць пратэсты, а пакінуць краіну: «Я мог, як і прэзідэнт Сірыі сказаць: «Я легітымны прэзідэнт і працягваю кіраваць краінай».

У гэтым выпадку, лічыць Бакіеў, было б больш крыві. Ён заявіў, што прыняў рашэнне пакінуць Кыргызстан пасля тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным.

На пытанне, хто загадаў адкрыць агонь, Бакіеў заявіў «з майго боку загаду не было».

«Па нашым заканадаўстве, у выпадку нападу на Белы дом, ахова мае права ўжываць зброю без усякага загаду», — распавёў ён. Разам з тым, ён падкрэсліў, што баявымі патронамі праваахоўнікі ў пратэстоўцаў не стралялі. Спасылаючыся на свайго малодшага брата, які займаў пасаду кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы, Жаныбека Бакіева, ён заявіў, што спачатку ўжывалі слезацечны газ, а калі ён скончыўся — гумовыя кулі.

Ён заявіў, што сярод пратэстоўцаў 7 красавіка было шмат п'яных і «наколатых псіхатропамі», а трупы, якія потым «прыпісалі яго ахове», «перавезлі да Белага дому і склалі там, каб падставіць яго».

«У горадзе было марадзёрства, людзі маглі стаць ахвярамі беспарадкаў», — лічыць ён. Акрамя таго, ён заявіў, што тыя, у каго стралялі гумовымі кулямі, «падалі, іх выносілі, а потым яны папраўляліся, але карцінка ў СМІ, была такая, як быццам іх застрэлілі абаронцы Белага дома». Па словах Бакіева, члены часовага ўрада адмовіліся ад міжнароднага расследавання, на якім ён настойваў, «бо ў іх рыльца ў пуху».

Бакіеў заявіў, што шкадуе, што «дапусціў чалавечыя ахвяры, не змог прадухіліць іх». Дзяржпераварот, па яго словах, стаў для яго нечаканасцю.

Ён распавёў, як начальнік службы нацыянальнай бяспекі зайшоў да яго ў самы разгар падзей са словамі: «Прабачце, я вас падвёў». Акрамя таго, Бакіеў заявіў, што шкадуе, што ў свой час прызначыў сённяшняга прэзідэнта краіны Алмазбека Атамбаева прэм'ер-міністрам. Яго ён ахарактарызаваў як непрацаздольнага, нецягавітага і гарачнага чалавека.

Сціпла жыве ў Драздах пад аховай Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі

Бакіеў распавёў, што ў Беларусі займаецца дзецьмі і ўнукамі: «Гэта аказалася клапатлівая справа». Дачка экс-прэзідэнта Кыргызстана вучыцца ў 9-м класе мінскай гімназіі: «Выдатна размаўляе на беларускай, рускай і англійскай мовах», — малодшы сын — у пятым класе. Старэйшыя сыны Бакіева — Максім і Марат — займаюцца бізнесам. Максім жыве ў Лондане і, насуперак чуткам, у Мінск не прыязджаў.

Гаворачы аб сваіх хобі, ён распавёў, што як і раней, захоплены паляваннем, адкрыў для сябе рыбалку і займаецца кожны дзень спортам — мінімум гадзіну па раніцах. «Знаёмлюся з простымі людзьмі, езджу шмат, цяпер ведаю менталітэт беларусаў», — распавёў ён. Бакіеў назваў беларусаў добрым, адкрытым, гасцінным і адукаваным народам. Экс-прэзідэнт Кыргызстана пахваліў беларускую ахову здароўя і адукацыю.

На пытанне, на якія сродкі ён жыве, заявіў, што 30 гадоў працаваў на кіруючых пасадах, добра зарабляў як дырэктар завода, мэр горада, губернатар, прэм'ер, а затым прэзідэнт: «Няўжо я не маю сродкаў, каб нармальна жыць». Разам з тым, ён сказаў, што жыве «сціпла» — у пасёлку Дразды. Дарэчы, ахоўвае Бакіева служба бяспекі прэзідэнта Беларусі.

З Аляксандрам Лукашэнкам Бакіеў мае зносіны рэдка — не жадае «злоўжываць сяброўствам і лішні раз торгаць прэзідэнта».

«Але жывём недалёка, часам сустрэнемся — вясной-летам — гаворым пра дзяцей, унукаў, пра палітыку стараемся не размаўляць».

Лукашэнка быў захоплены, кажа Бакіеў, калі яго дачка прачытала паэму на беларускай мове.

Ён адзначыў, што адразу сказаў дзецям вучыць беларускую мову: «Калі жывеш у краіне, павінен ведаць і паважаць яе мову».

Паводле яго слоў, яму самому няма неабходнасці гаварыць па-беларуску, але ён разумее адсоткаў 80 навін.

Бакіеў назваў Беларусь сваёй другой Радзімай: «Да Беларусі я моцна прыкіпеў». Кажучы пра свае планы, ён не выключыў вяртання ў Кыргызстан, калі там зменіцца ўлада, аднак будучыню сваіх дзяцей ён бачыць у нашай краіне.

Курманбек Бакіеў не стаў даваць ацэнку падзеям ва Украіне, заўважыўшы толькі: «Хто б мог падумаць, што гэта можа быць паміж двума братэрскімі народамі».

На фуршэце пасля прэзентацыі кнігі Курманбек Бакіеў падняў тост «за мір і спакой» ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?