У Беларусі ствараецца рэспубліканскі водна-балотны заказнік «Белы Мох». Такое рашэнне змешчана ў пастанове Савета Міністраў нумар 883 ад 21 кастрычніка 2015 года, паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада.

travel-minsk.by

travel-minsk.by

Заказнік «Белы Мох» агульнай плошчай 887,55 га размесціцца ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці. Яго ствараюць для захавання ў натуральным стане каштоўных леса-балотных экалагічных сістэм, дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама месц іх росту і пражывання.

На тэрыторыі заказніка забараняецца праводзіць работы па гідратэхнічнай меліярацыі і змяненні гідралагічнага рэжыму, разведцы і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў, размяшчаць адходы (за выключэннем часовага захоўвання ў санкцыянаваных месцах), знішчаць або пашкоджваць драўнінна-хмызняковую расліннасць, выпальваць сухую траву. Пастановай таксама замацаваны іншыя забароны, якія датычацца правядзення розных работ (у тым ліку будаўнічых) у заказніку.

Рэжым аховы і выкарыстання заказніка «Белы Мох» улічваецца пры распрацоўцы праектаў і схем землеўпарадкавання, лесаўпарадкавання і меліярацыі зямель, горадабудаўнічых праектаў і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Астравецкага раёна.

Заказнік аб'яўлены без канфіскацыі ў карыстальнікаў зямельных участкаў. Землекарыстальнікі абавязаны выконваць рэжым яго аховы і выкарыстання.

Астравецкаму райвыканкаму даручана на працягу шасці месяцаў зарэгістраваць заказнік і ўстанавіць на яго межах спецыяльныя інфармацыйныя знакі. Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?