У Баранавічах 22 кастрычніка суд вынес прыгавор аўтамабілісту за ўчыненне ДТЗ са смяротным зыходам

Як паведаміў старшы памочнік Баранавіцкага міжраённага пракурора Аляксандр Жук, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачванне па справе, 25 ліпеня каля 6.00 у Баранавіцкім раёне на беразе вадаёма недалёка ад вёскі Застарынне 26-гадовы жыхар Баранавічаў, які кіраваў аўтамабілем «Вольва», учыніў наезд на турыстычны намёт.

Дзяўчына, якая была ў намёце, ад атрыманых цялесных пашкоджанняў загінула на месцы здарэння. Яна пражывала ў Баранавічах.

Напярэдадні здарэння кампанія маладых людзей, у якой былі 26-гадовы кіроўца і 21-гадовая дзяўчына, прыехала на адпачынак да вадаёма. Яны ўстанавілі намёты для начлегу. Затым на працягу ночы мужчыны з гэтай кампаніі за сталом распівалі спіртныя напоі. 

Раніцай аўтамабіліст вырашыў пераставіць свой «Вольва». У выніку ён пераехаў вогнішча і наехаў на намёт, дзе знаходзілася дзяўчына. Агляд выявіў у крыві кіроўцы канцэнтрацыю этылавага спірту 1,6 праміле. 

Суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў яго вінаватым на падставе ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць чалавека, і прыгаварыў да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі-пасяленні. Ён пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі тэрмінам на 5 гадоў. 

Суд спагнаў з абвінавачванага 150 млн. рублёў у кошт кампенсацыі маральнага ўрону на карысць маці загінулай дзяўчыны. На момант вынясення прыгавору 15 млн. рублёў з агульнай спагнанай сумы ўжо былі кампенсаваныя.

У судзе мужчына прызнаў сваю віну і чыстасардэчна раскаяўся. Раней ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за парушэнне правілаў дарожнага руху. 

Прыгавор яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?