Мінэканомікі прагназуе невялікі рост ВУП у 2016 годзе, заявіў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі 23 кастрычніка на міжнароднай канферэнцыі «Праблемы прагназавання і дзяржаўнага рэгулявання сацыяльна-эканамічнага развіцця», што праходзіць у Мінску.

«У 2016 годзе пры сусветнай цане нафты 50 долараў за бараль, курсе 63 расійскія рублі за долар мы ў Мінэканомікі бачым магчымым невялікі эканамічны рост у 2016 годзе», — сказаў Забароўскі. 

У гутарцы з журналістамі ён удакладніў, што ў наступным годзе рост ВУП прагназуецца на ўзроўні 0,3%. «Прагнозная ацэнка па цане на нафту 50 долараў за бараль з'яўляецца базавай для ўсіх прагнозных дакументаў. Яна закладзеная, у прыватнасці, у бюджэт на наступны год», — сказаў намеснік міністра. 

Паводле слоў Забароўскага, на найбліжэйшы год міністэрства бачыць дзве крыніцы для эканамічнага росту. «Першы — экспарт. Валютная палітыка, што праводзіцца, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і павялічваць экспарт. Яшчэ адну крыніцу эканамічнага росту мы бачым у больш інтэнсіўным выкарыстанні замежных крэдытных рэсурсаў», — адзначыў намеснік міністра. 

Акрамя таго, на 2016 год ставіцца задача забяспечыць нулявы дэфіцыт плацежнага балансу. «За кошт валютнай выручкі і прытоку капіталу па фінансавым рахунку», — растлумачыў Забароўскі. 

Афіцыйны прагноз на 2015 год прадугледжвае рост ВУП на ўзроўні 0,2—0,7%. У студзені—верасні аб'ём ВУП знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2014 года ў супастаўных цэнах на 3,7%. У 2014 годзе рост ВУП склаў 1,6% пры прагнозе 3,3%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?