Дачка беларуса-мільярдэра згуляла вяселле на ўласным востраве ў Грэцыі
Праз 47 гадоў на востраве Скорпіёс ў Грэцыі згулялі другое ў гісторыі вяселле пасля Жаклін Кенэдзі і Арыстоцеля Анасіса. На беразе мора пабралася шлюбам дачка аднаго з найбагацейшых бізнэсмэнаў Расіі Дзмітрыя Рыбалоўлева — 26-гадовая Кацярына.
З 2013 года востраў грэцкага магната перайшоў у валоданне расейскага бізнэсмэна, які падарыў Скорпіёс дачцэ. Спадчынніца мільярднага багацця выйшла замуж за уругвайскага фінансіста — 34-гадовага Хуана Сарторы. Выпускнік Гарвардскага ўніверсітэта пабудаваў кар'еру ў Швейцарыі. Там жа, у Жэневе, пара заключыла афіцыйны шлюб.
Нягледзячы на тое, што грошай хапае ў абедзвюх сем'ях, па прыкладзе Анасіс і Кэнэдзі яны вырашылі адмовіцца ад пышных святкаванняў. Вянчанне адбылося ў царкве Панагіі. Шлюб закаханых заключыў арцыбіскуп Берлінскі, Германскі і Вялікабрытанскі Марк.
Дзмітрый Рыбалоўлеў — этнічны беларус, былы старшыня назіральнага савета Беларускай калійнай кампаніі, былы фактычны ўладальнік «Уралкалія», цяпер прыватны інвестар, уладальнік футбольнага клуба «Манака». Займае 14-ы радок у рэйтынгу найбагацейшых расейцаў па версіі Forbes 2015 года. Агульнае багацце налічвае 8,5 мільярда даляраў.
Каментары