Беларускія дзеткі неўзабаве змогуць пазнаёміцца з сэрыяй невялікіх мультыплікацыйных апавяданьняў пра гербы беларускіх гарадоў. Для дзятвы стужка — выдатны маляўнічы дапаможнік па вывучэньні гісторыі роднага краю. Кожнаму сымбалю — свой сюжэт. Аніматары раскажуць як пра абласныя гарады, так і пра райцэнтры.
Запачаткаваны яшчэ адзін праект — беларускія народныя прымаўкі ў анімацыйнай інтэрпрэтацыі. Пакуль у праекце толькі дзьве прымаўкі, затое ўжо з субтытрамі розных моў сьвету. Чакаецца, што ўвесь анімацыйны сэрыял будзе складацца з паўтара дзясятка прымавак.
Абодва праекты вядзе беларус‑аніматар Міхаіл Тумеля. Ён цяпер на піку папулярнасці — як пэдагог і як творца. Выкладае анімацыю у Расіі і зьбіраецца ў Японію. Там яму ўзычаюць і лябараторыю, і месца дзе жыць.