У Мінску засталося зусім няшмат сем'яў, якія жывуць на адным месцы больш за 100 гадоў, але мы знайшлі адну такую. Галавой гэтай сям'і з'яўляецца праграміст Ігар Ласіца з Грушаўкі, дзе яго продак купіў зямлю яшчэ ў 1872 годзе. TUT.BY сустрэўся з мінчуком у пятым пакаленні і пагаварыў пра гісторыю гораду праз прызму яго роду. Суразмоўца распавёў, як учорашні селянін пры цары мог пабудаваць сабе катэдж, як Грушаўка перажыла вайну і чаму гэты раён сёння нельга зносіць.

«Сігнальшчык на чыгунцы пры цары мог купіць зямлю, пабудаваць дом і даць дзецям адукацыю»

Ігар распавядае, што дзед яго бабулі Сямён Казак быў непісьменным селянінам, які прыехаў у Мінск і ўладкаваўся на чыгунку сігнальшчыкам, то бок запальваў ліхтары. Ён пасяліўся на цяперашняй вуліцы Разінскай у 1872 годзе.

— Ён узяў крэдыт ва ўправе і купіў у памешчыка Немаршанскага ворную зямлю пад Мінскам. На ёй ён пабудаваў драўляны дом на тры кватэры з асобнымі ўваходамі, які цяпер лічыўся бы катэджам.

Сёння дом выглядае ўжо па-іншаму. Ад старога засталіся толькі бярвёны на чатырох сценах.

Сёння дом выглядае ўжо па-іншаму. Ад старога засталіся толькі бярвёны на чатырох сценах.

Рабочы на чыгунцы ў той час мог не толькі купіць зямлю і пабудаваць добры дом, але і пачаць на гэтым зарабляць. Ігар кажа, што яго продак здаваў у арэнду кватэры, зямлю альбо плодныя дрэвы. Напрыклад, за грошы чалавек мог арандаваць ў яго на некалькі гадоў пакос, агарод або нават адну яблыню. Учорашні селянін таксама аздобіў свой участак элементамі дваранскага побыту.

— Сямён Сцяпанавіч пасадзіў на ўчастку ліпы, бо гэта дрэвы, якія не даюць прыбытку і якія раней дазволіць сабе маглі толькі паны. Гэта быў сімвал дабрабыту, як цяпер для некаторых Mercedes.

Бярвёнам на гэтай сцяне 143 года

Бярвёнам на гэтай сцяне 143 года

Суседзямі Казака па пасёлку былі забяспечаныя людзі: немцы Федэр і Фленбойм, а таксама машыніст паравоза Жыбуртовіч. Дабрабыт жа сігнальшчыкам царскіх часоў выяўляўся і ў забеспячэнні будучыні для дзяцей.

— Сямён Сцяпанавіч даў усім васьмярым сваім дзецям адукацыю: дзяўчынкам — сярэднюю, хлопчыкам — вышэйшую. Яго жонка Фядора Максімаўна магла дазволіць сабе не працаваць, але была вельмі актыўнай і працавала на зямлі.

І сёння ў доме на вуліцы Разінскай можна ўбачыць элементы інтэр'еру забяспечанай мінскай сям'і пачатку ХХ стагоддзя. Напрыклад, крэслы, гадзіннік, грамафон і шафа, якую выменялі на соль у бежанцаў падчас Першай сусветнай.

— Памёр Сямён Сцяпанавіч таксама падчас Першай сусветнай у 1916 годзе, а ўвесь дом перайшоў жонцы, якую ўтрымлівалі дзеці. У двух кватэрах, якія раней здаваліся, на той момант ужо жылі сыны Казака.

«У вайну прабабуля знесла ў доме міжпакаёвыя сцены — каб не падсялілі немца»

Прыход бальшавікоў да ўлады, адзначае Ігар, не моцна паўплываў на побыт яго продкаў, а вось суседзі пацярпелі.

— Немец Фленбойм меў два дамы: вялікі ён здаваў, а жыў у маленькім. З прыходам новай улады вялікі дом у яго проста адабралі. Не ведаю, чаму ён тут застаўся.

У паслярэвалюцыйным Мінску засталося жыць і шмат габрэяў. Суразмоўца кажа, што па ўспамінах яго бабулі Ларысы Восіпаўны, якой зараз 95 гадоў, у горадзе ніколі не было антысемітызму. Нават вайну яна сустрэла на яблыні з сяброўкай- габрэйкай. Яны глядзелі, як над горадам ляцелі нямецкія самалёты.

— Немцы тут спачатку нічога не бамбілі, але скінулі дэсант, які разарвалі нашы апалчэнцы. Сярод іх быў і 16-гадовы брат маёй бабулі — мой стрыечны дзед, які потым сышоў у партызаны.

Пакуль яшчэ нацысты не ўвайшлі ў Мінск, бабуля Ігара пакінула горад і нялёгкімі шляхамі дабралася да свайго дзядзькі ў Горкім, дзе яна скончыла медыцынскі інстытут. Яе маці Ганна Сямёнаўна засталася жыць у акупаваным Менску.

— І яна знесла ў доме ўсе міжпакаёвыя перагародкі: каб атрымаўся адзін пакой і ёй не падсялілі якога-небудзь немца. Яна ўсю вайну пражыла тут і нічога страшнага пра сябе не расказвала. Казала, што ў дачыненні да яе не было ніякага прыгнёту.

А вось усе знаёмыя габрэі загінулі ў гета. Там памерла і сяброўка бабулі Ігара, з якой яна пільнавала нямецкія самалёты на яблыні ў чэрвені 1941-га. А сама Ларыса Восіпаўна адвучылася, пасля чаго пайшла на фронт і прайшла шлях ад Магілёва да Берліна.

— У 1945-м мая бабуля вярнулася дадому, таксама вярнуўся з фронту і яе бацька Восіп Ільіч. Ён быў начальнікам вузла сувязі пры ЦК Партыі, і яму прапаноўвалі кватэру на Карла Маркса, але ён адмовіўся. Сказаў, што будзе жыць на зямлі.

Цяпер бабулі Ігара 95. Яна не толькі ветэран вайны, але і кандыдат медыцынскіх навук.

Цяпер бабулі Ігара 95. Яна не толькі ветэран вайны, але і кандыдат медыцынскіх навук.

«Размовы аб зносе нашага дома ішлі яшчэ з 60-х гадоў»

А ў 1960-м годзе ў сям'і прынялі рашэнне аддзяліць адну частку ад трохкватэрнага дома і пабудаваць асобны будынак, у якім мы цяпер знаходзімся. Ад дома Сямёна Казака тут засталіся толькі сцены, склеп і дарэвалюцыйная мэбля. Тут вырасла мама Ігара Алена Іванаўна, якая расказала пра Грушаўку часоў Хрушчова і Брэжнева.

— У нас быў абсалютна спакойны раён, і я не ведаю, адкуль з'явіліся гэтыя міфы аб бандыцкай Грушаўцы. Адзінае, што было страшным для дзяўчынак, — дык гэта прайсці вечарам праз сквер.

Мама Ігара і ён сам

Мама Ігара і ён сам

А вось асаблівай атмасферы Грушаўкі, пра якую часта кажуць, па словах суразмоўніцы, не было.

— Мы проста сябравалі найбліжэйшымі дамамі, але не ўсёй вуліцай. Хоць атмасферы адчужанасці паміж жыхарамі не было.

У 1976 годзе тут нарадзіўся Ігар. Ён кажа, што бандыцкім раён не быў і ў 80-я, хоць адзначае, што многія яго равеснікі прайшлі праз турму. Нічога асабліва не памянялася і пасля развалу Саюза. Стабільнымі заставаліся і планы па зносе мікрараёна, размовы пра які ішлі яшчэ з 60-х.

— У 1960-м годзе нам не давалі правесці ваду, бо дом ідзе пад знос. Але бабуля гэта зрабіла, а потым да нас правялі і каналізацыю. А наогул размовы аб зносе павольна забівалі раён, бо тут нічога не дазвалялі дабудоўваць.

«Знос дома будзе для нас вялікай трагедыяй, бо гэтая зямля адпрацавана потым і крывёй»

Апошні раз ім паведамлялі аб зносе дома прыкладна ў 2009 годзе. Па планах будынак павінен быў знікнуць у 2011-м, але больш ніякай афіцыйнай інфармацыі на гэты конт не было.

— І гэты знос для нас — вялікая трагедыя. Бо тут проста выдатна: ёсць агарод, ёсць куды паставіць машыну, а ўначы ў садзе спяваюць салаўі.

Больш за тое, адзначаюць яны, ніхто ж не прапануе наўзамен зямлю. Напрыклад, суседні дом знеслі, а замест гэтага далі кватэру ў Каменнай Горцы.

— Гэта непараўнальныя рэчы, якія цалкам змяняюць лад жыцця.

Ігар не прымае меркаванне, што Грушаўку неабходна знесці, каб тут пабудавалі шматпавярхоўкі і рассялілі вялікую колькасць людзей. Ён кажа, што адна справа, калі дамы знішчаюць для будаўніцтва дарогі ці метро, а зусім іншая — калі гэта адбываецца дзеля з'яўлення панэлек.

— Калі б наш дом стаяў у вёсцы Цімкавічы пад Капылём, то нас ніхто б не чапаў. Але ж мы не едзем у вёску Цімкавічы, а яна прыязджае сюды і патрабуе: дай нам жыццёвую прастору. Але няхай яны едуць у Малінаўку і там жывуць, а чаму мы павінны пра гэта хвалявацца?

Суразмоўца таксама лічыць, што неабходна развіваць не толькі Мінск, але і іншыя населеныя пункты. Тады, паводле яго слоў, нам не прыйдзецца шкадаваць аб выміранні вёсак, памяншэнні гарадоў і разбурэнні старога Мінска.

— Мы жылі тут з 1872 і нічога ў дзяржавы не прасілі і не бралі. Гэтую зямлю нам не выдзеліў ні цар, ні савецкая ўлада. Яна была набытая і адпрацаваная потым і крывёю.

На зямлі, якую Сямён Казак купіў 143 гады таму, кожны член сям'і Ігара Ласіцы адчувае сябе гаспадаром. Самаму старэйшаму — 95 гадоў, самому маленькаму — 3 гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?