Наташа Багданава — маладая спявачка з Гомеля, якая стала знакамітая, дзякуючы песням «Жанаты мужчына», «Саша» і «Зрабі мне прапанову».

Акрамя сваёй творчай дзейнасці, Наташа здымае відэаблог. У асноўным кантэнт мае забаўляльны характар. Нядаўна яна выклала на YouTube ролік, у якім сцвярджае, што мінскі прадзюсар Аляксей Акімаў спрабаваў развесці дзяўчыну на сэкс, узамен прапаноўваючы славу і прасоўванне ў шоў-бізнэсе.

Аляксей Акімаў — асоба неадназначная. У 2013 годзе яго судзілі за змяшчэнне сваёй рэкламы на грашовых купюрах. На судзе ён адмаўляў сваю віну, казаў, што гэта зрабіў іншы чалавек. У выніку атрымаў невялікі штраф.

На старонцы Акімава Укантакце ёсць фотаздымкі са знакамітасцямі, такімі, як Макс Корж, Люся Лушчык, Ларыса Грыбалёва.

На СТБ аднойчы была цэлая перадача пра тое як ён жыве з дзвюма жонкамі.

Акімаў пэўны час займаўся ліпавымі кастынгамі. Спачатку гэта быў кастынг для дзяцей на «Калыханку».

Бэлтэлерадыёкампанія тады звінаваціла Акімава ў крадзяжы іх аўтарскіх правоў на перадачу. Для таго, каб патрапіць на кастынг, трэ' было заплаціць 250 тысяч. Як толькі ўся інфармацыя пра ягоную дзейнасць патрапіла ў інтэрнэт, Акімаў змяніў назву суполкі на «Запіс на здымку «Дзіцячая казка».

Пасля Акімаў ладзіў ліпавыя кастынгі на расійскі серыял «Універ».

Тады Акімаў назбіраў каля сотні анкет з інфармацыяй і фотаздымкамі рознага характару хлапцоў ды дзяўчын. У выніку у прэс-службе ТНТ заявілі, што ніякага кастынгу ў Мінску яны не праводзілі, але для Акімава наступстваў ніякіх не было.

Таксама ў Акімава быў канфлікт з суполкай «Мая Краіна Беларусь». У выніку Аляксей набыў рэкламу ў мінскім метро, дзе змясціў лагатып суполкі і павіншаваў сябе з днём нараджэння.

Як адбылося ваша знаёмства, спытала «Наша Ніва» ў Наталлі Багданавай.

НБ: Ён сам дадаўся ў сябры. Пасля напісаў, што глядзеў мае відэа. Спытаўся, ці для сябе я гэта раблю. Я сказала, што здымаю для людзей. Пасля ён пачаў скідаць ролікі, што ён паўсюль знакаміты і што ў яго нават ёсць перадача на «Беларусь-1», якую ён вядзе разам з Аляксеем Хлястовым.

«НН»: Якім чынам гучала прапанова ад яго?

НБ: Ён дасылаў шмат прыкладаў сваёй працы. Увесь час спрабаваў даказаць, які ён класны прадзюсар. Пасля напісаў, што можа зрабіць мне кар'еру. Cказаў што ён займаецца каналам Europa Plus у Беларусі, што ён уладальнік тэлеканала ЖЭСТ і шмат іншага. Пасля сказаў, што мне патрэбны добры прадзюсар і яго ёсць адзін на прыкмеце. Але да яго прыйдзецца запісацца ў каханкі. Я сказала, што разбяруся неяк сама і што звыкла дасягаць поспеху іншым шляхам. Пасля перапіска прыпынілася. Праз некалькі дзён ён напісаў вялкіае паведамленне. Там ён выказвае жаданне стаць маім усім, што зробіць для мяне ўсё, толькі будзь маёй палюбоўніцай. Я неяк не адразу зразумела, таму некалькі разоў перапытала. Але сапраўды ў яго быў такі намер. Я вырашыла што не буду маўчаць і здыму пра гэта відэа.

«НН»: Чым скончылася сітуацыя?

НБ: Ён паглядзеў маё відэа пра яго. Сказаў, што ў захапленні і яму ўсё спадабалася. А пасля скінуў відэа яшчэ аднаго блогера, які таксама пра яго зняў сюжэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?