Аляксандар Мілінкевіч

Дарагія суайчыннікі!

Шаноўныя сябры!

Кожны год 25 Cакавіка мы сьвяткуем Дзень Волі — дзень, які стаў сьвятам беларускай душы, падставай для найвялікшага гонару за народ Беларусі.

90 гадоў таму 25 Cакавіка 1918 найлепшыя сыны нашае зямлі зрабілі мужны крок і заявілі ўсяму сьвету пра жаданьне і права беларусаў мець сваю вольную незалежную дэмакратычную дзяржаву — Беларускую Народную Рэспубліку.

Сваёй самаахвярнай працай на карысць Айчыны заснавальнікі БНР ды іхныя паслядоўнікі заклалі падмурак незалежнасьці нашай краіны. Гісторыя даказала, што яны выказвалі волю мільёнаў беларусаў.

Цягам трагічнага 20‑га стагодзьдзя наш народ марыў пра сваю дзяржаву. У 1991 годзе незалежнасьць Беларусі была адноўлена. Аднак толькі беcпасярэдняя воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольная стварыць трывалую дзяржаву.

Сёньня ўсім нам належыць шанаваць дасягненьні нашых вялікіх продкаў і працаваць далей дзеля Свабоды, Незалежнасьці, нацыянальнага адраджэньня і росквіту нашай любай краіны.

Зробім так, каб сьветлае сьвята 25 Cакавіка прыйшло ў кожны беларускі дом і сям’ю. Пакажам моц беларускага духу і веры! Годна ўздымем у гэты дзень сьвятыя бел‑чырвона‑белыя штандары з «Пагоняй»!

Нас ёсць, было і будзе шмат і мы пераможам!

Жыве Беларусь!

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0