AFP

AFP

Былы прэзідэнт Францыі, кіраўнік правай партыі «Рэспубліканцы» Нікаля Сарказі ў сераду, 28 кастрычніка, вылеціць у Маскву, каб у чацвер сустрэцца з Уладзімірам Пуціным. Пра гэта паведамляе Франс-Прэс.

Сарказі прыедзе ў Маскву ў суправаджэнні дэлегацыі прадстаўнікоў партыі «Рэспубліканцы», у прыватнасці былога міністра абароны, цяпер сенатара Жэрара Ланге і былога міністра юстыцыі, еўрадэпутата Рашыды Даці.

Нікаля Сарказі неаднаразова крытыкаваў палітыку цяперашняга прэзідэнта Францыі сацыяліста Франсуа Алянда, а таксама іншых заходніх лідараў за іх пазіцыю ў дачыненні да Расіі. Сарказі называў яе «сур'ёзнай памылкай, якая стварае ўмовы для новай халоднай вайны».

«Якія б ні былі нашы рознагалоссі, спадар Пуцін — гэта чалавек, з якім можна і трэба дамаўляцца», - заявіў Сарказі ў інтэрв'ю Le Monde ў ліпені гэтага года.

У ліпені група з дзесяці французскіх парламентарыяў, пераважна з правай партыі Сарказі, адправілася спачатку ў Маскву, а потым у Крым. У міністэрстве замежных спраў Францыі заявілі, што «глыбока шкадуюць» пра гэту ініцыятыву.

У чэрвені кіраўнік Нацыянальнага сходу Францыі Клод Барталон адмяніў афіцыйны візіт парламентарыяў у Маскву з-за апублікавання расійскага «чорнага спісу», куды ўвайшлі чацвёра грамадзян Францыі, у тым ліку прэзідэнт парламенцкай групы сацыялістаў Бруно Ле Ру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?