Масгарсуд прызнаў экстрэмісцкім «Этнапалітычнае аб'яднанне Рускія», якое ўзначальвае Дзмітрый Дзёмушкін, і забараніў яго дзейнасць на тэрыторыі РФ.
Дзмітрый Дзёмушкін быў заўважнай дзеючай асобай нацыяналістычных і апазіцыйных акцый (на фота «Рускі марш» 2013 года)
Такім чынам быў задаволены пазоў пракуратуры Масквы.
У судзе прадстаўнікі пракуратуры нагадалі, што Дзёмушкін і Аляксандр Бялоў (Поткін), а таксама іншыя сябры арганізацыі прыцягваліся да крымінальнай адказнасці па злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці.
Акрамя таго, пракурор паведаміў, што на старонцы Дзёмушкіна ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», якая ў цяперашні час заблакаваная, змяшчалася інфармацыя экстрэмісцкай накіраванасці.
Прадстаўнік «Рускіх», са свайго боку, спрабаваў пераканаць суд, што пракуратура не прадставіла доказаў экстрэмісцкай дзейнасці аб'яднання. Ён таксама падкрэсліў, што афіцыйна аб'яднанне не зарэгістраванае. «Нельга забараніць тое, чаго няма», — сказаў ён.
ЭПА «Рускія» стала ўжо трэцяй забароненай ўладамі арганізацыяй на чале з радыкальным нацыяналістам 36-гадовым Дзмітрыем Дзёмушкіным. Першымі двума былі «Славянскі саюз» (забаронены ў 2010 годзе) і яго спадчынніца «Славянская сіла» (ўскосна прызнаная судом экстрэмісцкай арганізацыяй ў 2014 годзе). Абедзве арганізацыі скарочана называліся СС.
Дзёмушкін і Бялоў, у адрозненне ад многіх іншых рускіх нацыяналістаў, выступалі супраць вайны ва Украіне. Зрэшты, як паказала практыка, стаўленне расійскіх уладаў і праваахоўных органаў да апазіцыянераў-нацыяналістаў не залежыць наўпрост ад таго, падтрымалі яны анексію Крыма і вайну на Данбасе ці не.