25 Сакавіка Беларусь адзначае 90‑ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. З гэтай нагоды ў нашай краіне, а таксам за межамі пройдуць шэсьці і мітынгі, канцэрты, урачыстыя вячэры, спартовыя турніры. Прапануем афішу некаторых сьвяточных імпрэзаў. Адмыслова да гэтай даты былі надрукаваныя юбілейныя сэрыі паштовак, кніга і каляндар.

Упершыню ў гонар сьвята з ініцыятывы палітоляга Ўладзімера Падгола будзе зладжаная агульнанацыянальная дыктоўка.

Прапануем Вашай увазе анонсы некаторых сьвяточных імпрэзаў.

Шэсьце ў Менску

Сёлета правядзеньне акцыі на Дзень Волі плянуецца па новым маршруце. Збор а 18:00 на плошчы Якуба Коласа, шэсьце па праспэкце Незалежнасьці, вуліцах Валадарскага і Гарадзкі Вал. Канчатковым пунктам мусіць стаць помнік Максіму Багдановічу, што ля опэры. Цягам акцыі арганізатары плянуюць ускласьці кветкі да помнікаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча і Максіма Багдановіча. Заяўнікамі вулічнай акцыі выступілі Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Лябедзька і Мікола Статкевіч. Станоўчага адказу на сваю заяўку з гарвыканкаму яны не атрымалі, але Л. Баршчэўскі сказаў на прэзэнтацыі кнігі І. Сурвіллы: «Месца сустрэчы зьмяніць нельга».

Выстава твораў Яўгена Куліка

19 сакавіка, у Палацы мастацтваў (Казлова, 3) адкрылася выстава выдатнага мастака, аўтара эталону герба «Пагоня» Яўгена Куліка. Кулік (1937—2002) — быў выдатным графікам. А яшчэ гэты чалавек быў адным з арганізатараў руху за незалежнасьць Беларусі, спачатку падпольнага, які з часам вырас у стварэньне Народнага Фронту і абвяшчэньне сувэрэнітэту краіны.

Выстава называецца «Гістарычная графіка», і на ёй будзе прадстаўлена 80 працаў мастака. Гэта выявы старасьвецкіх замкаў і сядзіб, увасобленыя ў графіцы постаці князёў і уладароў Беларусі, кніжныя ілюстрацыі.

Арганізатар выставы — суполка «Пагоня» Саюзу мастакоў. Алесь Марачкін падкрэсьлівае, што выстава Куліка прысьвечана 90‑годзьдзю БНР.

Сябар Я.Куліка і суаўтар эталону «Пагоні» Ўладзімер Крукоўскі адзначае, што на выставе няма слабых і сярэдніх твораў. Асаблівую ўвагу сп.Крукоўскі раіць зьвярнуць на малавядомыя шырокай публіцы ілюстрацыі да «Слова пра паход Ігараў», а таксама на слынныя ілюстрацыі да «Песьні аб зубру» Міколы Гусоўскага. Менавіта на форзацы гэтай кнігі ў 1980 годзе ўпершыню ў паваеннай гісторыі Беларусі цалкам легальна вялікім накладам зьявілася выява «Пагоні».

НБ

Футбольны турнір у Берасьці…

У Берасьці 90‑годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР адзначаць турнірам па міні‑футболе. У адборачным туры ўзялі ўдзел сем камандаў — дружыны рэгіянальных партыйных структураў, незалежных прафсаюзаў і грамадзкіх арганізацый. Агулам — больш за 60 удзельнікаў.

Па выніках першага этапу чатыры каманды 22 сакавіка пазмагаюцца ў фінале «Кубка Незалежнасьці», заснаванага абласным аргкамітэтам па сьвяткаваньні юбілею.

…і Магілёве

Адбудзецца турнір па міні‑футболе сярод аматарскіх камандаў гораду. Сярод месьцічаў зладзяць распаўсюд літаратуры пра Беларускую Народную Рэспубліку. Вечарам 25 сакавікабудзе арганізавана вечарына з бардаўскім канцэртам для моладзі.

Мітынг, шэсьце і канцэрт у Жодзіна

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Жодзіна плянуюць зладзіць сьвяточныя мерапрыемствы 23 сакавіка. Плянуецца, што сьвяточны мітынг пачнецца а 15‑й гадзіне каля гарадзкога парку адпачынку. Пасьля мітынгу адбудзецца сьвяточнае шэсьце з ускладаньнем кветак да абэліску палеглым героям Беларусі. Увечары заплянаваны ўрачысты канцэрт з удзелам беларускіх музычных гуртоў. На сьвята запрошаныя прадстаўнікі гарадзкіх уладаў.

Радыё‑віктарына

Ад 10 да 25 сакавіка на сайце радыё «Рацыя» адбываецца віктарына. Наведнікі сайту мусяць адказаць на нескладанае пытаньне па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, даслаць першымі правільны адказ на адрас рэдакцыі. Пераможца вызначаецца штодня і атрымлівае адмысловы прыз — музычную складанку «НезалежныЯ» з аўтографамі ўлюбёных выканаўцаў.

Альбом прысьвячаецца 90‑ым угодкам абвяшчэньня БНР і будзе выдадзены акурат да 25 Сакавіка.

Онлайн‑канфэрэнцыя з айцом Аляксандрам Надсанам

25 Сакавіка апостальскі візытатар для беларусаў‑каталікоў замежжа адкажа он‑лайн на пытаньні чытачоў сайту nn.by. Пачатак а 12‑й гадзіне.

«Пагоня»

22 сакавіка а 18‑й на сядзібе БНФ — адкрыцьцё юбілейнай выставы творчай суполкі «Пагоня».

Паэтычны конкурс да 25 Сакавіка

Вас яшчэ ня ведаюць як выбітнага творцу? Вашых вершаў яшчэ не сьпявалі, не друкавалі і не дэклямавалі па радыё? Час выпраўляць такую сытуацыю! Дашліце пяць вершаў на конкурс, прысьвечаны 90‑й гадавіне БНР, «Заклік на Волю» на [email protected] да 1 сакавіка і атрымайце прыз за 1‑е, 2‑е ці 3‑е месца!

Дасылайце вершы на тэму свабоды і незалежнасьці (свабода і яе сымбалі, шляхі яе здабыцьця, незалежнасьць Беларусі, барацьба за незалежнасьць у мінулым стагодзьдзі і цяпер, Беларуская Народная Рэспубліка і яе выбітныя грамадзяне, ідэі БНР і г.д.). Пераможцаў будуць вызначаць да 25 Сакавіка — філёзаф Валянцін Акудовіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, культуроляг Максім Жбанкоў, паэты Андрэй Хадановіч, Джэці, Віка Трэнас, Юлія Шастак, псыхоляг Эльза Волат, а таксама пан Скіргайла Палянэцкі‑Мацкевіч.

Юбілейныя паштоўкі

З нагоды 90‑х угодкаў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі выйшлі некалькі сэрыяў юбілейных калекцыйных паштовак. У Горадні мясцовыя энтузіясты выпусьцілі сэрыю з 13 паштовак пад назвай «Горадня — другая сталіца БНР». Дзеля гэтага былі выкарыстаныя знойдзеныя ў архівах старыя здымкі, самы стары зь якіх датаваны 1909 годам.

У Менску выйшла сэрыя з трох паштовачак. На кожнай выяўленая нацыянальная сымболіка — герб «Пагоня» і бел‑чырвона‑белы сьцяг, гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». На адной з паштовак — фрагмэнт літаграфіі В.Сташчанюка з выявай будынку па вуліцы Валадарскага, 9 — дзе была абвешчаная БНР, Дзьве іншыя з выявамі старога Менску і Вільні. Аўтары дызайну й мастацкага аздабленьня — Аляксей Марачкін, Ігар Марачкін і Мікола Купава. Паштоўкі можна знайсьці на сядзібе БНФ.

У Берасьці ж выйшла паштоўка з выяваю Станіслава Булак‑Балаховіча. Як вядома, жаўнеры‑балахоўцы спачываюць на Гарнізонных могілках гораду над Бугам.

Кніга Петрашкевіча і каляндар ад «Бацькаўшчыны»

Напярэдадні 25 сакавіка «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і Рада БНР зрабілі падарунак аматарам гісторыі, — два друкаваныя выданьні, зьвязаныя з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі.

Першае — новая п’еса драматурга, пісьменьніка, публіцыста, заслужанага работніка культуры Беларусі, кандыдата гістарычных навук Алеся Петрашкевіча «Приласкать и уничтожить». У гэтым творы аўтар закранае гісторыю станаўленьня нашай дзяржаўнасьці і распавядае пра тое, як стваралася Беларуская Народная Рэспубліка.

Таксама выйшаў насьценны перакідны каляндар да 90‑годзьдзя БНР: «1918—2008». Ён зьмяшчае дванаццаць фотаздымкі старшыняў Рады і Ўраду БНР. Прадмову да календара напісалі першы намесьнік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык і радны БНР, гісторык Янка Запруднік. Укладальнікі Алег і Натальля Гардзіенкі.

Каляндар ёсьць ва Ўправе БНФ, сядзібе ТБМ, Акадэмкнізе, Кнігі-поштай, кніжнай выставе на Янкі Купалы.

23 сакавіка -- агульнанацыянальная дыктоўка да Дня Волі

Менск

Тэкст першай беларускай агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая будзе працягвацца да 20 хвілін, будзе складацца з фрагмэнтаў 2‑й і 3‑й Устаўных Грамат, у якіх гаворка ідзе аб правах і свабодах грамадзян Беларусі, а таксама з аднаго артыкулу Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека.

Агульнанацыянальная дыктоўка на сядзібе ТБМ будзе адбывацца паводле наступнага графіку:

11:00 — Савецкі і Першамайскі раёны,
12:00 — Ленінскі, Цэнтральны і Кастрычніцкі раёны,
13:00 — Маскоўскі і Фрунзенскі раёны,
14:00 — Заводзкі і Партызанскі раёны,
15:00 — Менскі раён і тыя, хто не пасьпеў напісаць дыктоўку разам з калегамі са сваіх раёнаў,
16:00— тыя, хто не пасьпеў напісаць дыктоўку разам з калегамі са сваіх раёнаў.

Сябры палітычных партый запрашаюцца пісаць агульнанацыянальную дыктоўку на офісе БНФ (праспэкт Машэрава, 8). Дыктоўка будзе пачынацца аб 11, 12, 13, 14, 15, 16‑й гадзінах.

Горадня

Агульнанацыянальную дыктоўку да 90‑х угодкаў БНР 22 сакавіка пройдзе у памяшканьні Таварыства беларускай школы 23 сакавіка з 12 да 16 гадзінаў. У якасьці тэксту вырашана ўзяць прадмову да зборніка Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская». Праводзіць дыктоўку будуць супольна гарадзкія арганізацыі ТБШ і ТБМ. Усе, хто захоча пісаць яе, атрымаюць асадкі з надпісам: «Удзельніку агульнабеларускай дыктоўкі.

Створаны прызавы фонд: самы малады і самы стары з удзельнікаў атрымаюць падарункі.

Віцебск

17 сакавіка на офісе Партыі БНФ у Віцебску ў межах агульнанацыянальнай акцыі адбылася дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да 90‑годзьдзя абвяшчэньня БНР. Прынялі ўдзел сябр сябры партыі.

На 20 сакавіка заплянаваная дыктоўка сярод сябраў «Моладзі БНФ».

Пададзена заяўка ў абласную бібліятэку на правядзеньне дыктоўкі ў беларускай залі 23 сакавіка з 14.00 па 14.30 ад імя абласной арганізацыі ПБНФ за подпісам старшыні рады К. Смолікава.

Магілёў

Дыктоўка мае адбыцца 23 сакавіка. Даведкі праз тэл. 388‑35‑61.

Дыктоўкі на радыё

Усе тыя, што жадаюць далучыцца да напісаньня агульнабеларускай дыктоўкі з нагоды 90‑х угодкаў БНР, але не ведаюць дзе, могуць зрабіць гэта не выходзячы з дому. У суботу, 22 сакавіка і ў нядзелю, 23 сакавіка з 12‑й да 13‑й і з 16‑й да 17‑й гадзіны ў эфіры Эўрарадыё прагучыць дыктоўка, якую будуць пісаць беларусы па ўсім сьвеце. Слухаць Эўрарадыё ў гэты час можна ў інтэрнэце на www.euroradio.fm, а таксама на спадарожніках Hotbird 6 (13° East (11013МГц/Н/27500)) і Sirius 4 (5°East (12379.62МГц/H/27500)).

З 20 да 30 сакавіка на сайце Эўрарадыё можна будзе спраўдзіць, як ты напісаў дыктоўку праз адмысловую форму.

А радыё «Рацыя» дае дыктоўку 22 сакавіка ў 14.20 па беларускім часе.

У панядзелак, 24 сакавіка, яны разьмесьцяць тэкст дыктоўкі на сайце — вы зможаце праверыць сябе і паставіць пры жаданні адзнаку.

Дзень Волі ў замежжы

Вільня: Дзень беларускага адзінства

90‑я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі сёлета ў Вільні будуць адзначацца не ў асобных суполках і арганізацыях, як раней, а як супольнае сьвята, як Дзень беларускага яднаньня. Такім чынам будзе адноўленая даваенная традыцыя, калі ў дзень 25 сакавіка ў Вільні праходзілі супольная малітва за Беларусь, урачысты сход, канцэрт і шэсьце. У такі дзень забываліся палітычныя падзелы і асабістыя амбіцыі, а ўся беларуская грамада пачувалася адным цэлым. Гэтак мяркуецца зрабіць і сёлета.

А 12‑й гадзіне адбудзецца ўскладаньне вянка да помніка стваральнікам БНР братам Івану і Антону Луцкевічам на могілках Роса. А 15‑й гадзіне распачнецца Ўрачысты сход і сьвяточны канцэрт у віленскім Доме настаўніка. Пасьля канцэрту публіка рушыць шэсьцем да Базыльянскіх муроў, дзе а 17.30 у царкве Сьвятой Тройцы адбудзецца супольная малітва за Беларусь.

Арганізуюць Дзень беларускага яднаньня вядомыя віленскія дзеячы разам са студэнтамі гарадзкіх унівэрсытэтаў і проста неабыякавымі да незалежнасьці Беларусі людзьмі — бізнэсоўцамі, пэдагогамі, журналістамі. Дэвіз сёлетняга сьвята: «Будзьма разам у гэты дзень!»

Канфэрэнцыя ў Празе

22 сакавіка ў Празе пад патранатам міністра замежных справаў Чэхіі адбудзецца сустрэча ў гонар 90‑годзьдзя БНР. З дакладамі на ёй выступяць Івонка Сурвілла, Зянон Пазьняк і Сяргей Шупа. Сярод іншых удзельнікаў будуць таксама Ўладзімер Арлоў, Павал Севярынец і Ян Румл — былы дысыдэнт, пасьля міністар унутраных справаў Чэхіі, а цяпер — кіраўнік ініцыятывы «Грамадзянская Беларусь».

Ахвотныя паўдзельнічаць у сустрэчы могуць кіраваць лісты на скрынку [email protected].

Беларуская вясна ў Кіеве

З 22 сакавіка да 12 красавіка ў Кіеве будзе праходзіць фэстываль сучаснай беларускай культуры «Беларуская вясна». Фэстываль адбудзецца у другі раз, і сёлета будзе ўключаць вулічны пэрформанс, кінапаказы (у тым ліку прэм’ерныя), вечар беларускай флэш‑анімацыі, выставу фатаздымкаў і СМІ Беларусі, круглы стол мэдыя‑мэнэджэраў, канцэрт этна‑гуртоў і ўкраінска‑беларускую літаратурную вечарыну.

Знакам фэстывалю стала бел‑чырвона‑белая падводная лодка.

Варшава: маніфэстацыя, фэстываль і канцэрт N.R.M.

25 сакавіка ў польскай сталіцы адбудзецца маніфэстацыя салідарнасьці з Беларусьсю. Акцыя пачнецца ў Кракаўскім прадмесьці побач з помнікам Каперніку а 18‑й.

А гурт N.R.M. зайграе жывы канцэрт у этэры музычнай студыі Польскага Радыё 3 (слухаць можна ў інтэрнэце па адрасе http://www.polskieradio.pl/sluchaj/play.aspx?p=r3). Замовы квіткоў па варшаўскім тэл. 22‑333‑333. Пачатак а 21:05 па беларускім часе.

30 сакавіка ў Варшаве адбудзецца канцэрт «Салідарныя з Беларусьсю». У канцэрце прымуць удзел як беларускія, так і польскія зоркі року і поп‑музыкі, якія выканаюць вядомыя ў сваіх краінах гіты ў новых, дзьвюхмоўных аранжыроўках.

Галоўная тэма сёлетняга канцэрту — падтрымка беларускае мовы, на якой засьпяваюць музыкі. Падчас канцэрту таксама будуць зьбірацца грошы на падтрымку зачыненага ўладамі Беларусі Ліцэю ім. Якуба Коласа ў Менску.

Канцэрт будзе транслявацца тэлеканалам «Белсат».

Палітычная маніфэстацыя ў Нью‑Ёрку

У суботу, 22 сакавіка, перад будынкам штаб‑кватэры Аб’яднаных Нацыяў на Мангэтане ў Нью‑Ёрку пройдзе мітынг, прысьвечаны 90‑м угодкам абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі (Акту 25 Сакавіка 1918 году).

Мітынг ладзіцца Нью‑Ёрскім аддзелам БАЗА. Пачатак мітынгу — а 11‑й раніцы, на Першай Авэню пры 43‑й вуліцы.

Пасьля мітынг плянуецца прадоўжыць перад Місіяй РБ пры ААН.

Сьвяточныя банкет і канцэрт у Hyatt Regency у Нью-Брансьвіку

Беларуска‑амэрыканскае задзіночаньне запрашае на Ўрачыстую акадэмію, банкет і канцэрт, прысьвечаныя 90‑м угодкам абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Імпрэза адбудзецца ў нядзелю, 30 сакавіка 2008 г. а 12.30 папаўдні ў Regency Ballroom гатэлю Hyatt Regency па адрасе: 2 Albany Street, New Brunswick, New Jersey 08901.

Перад імпрэзай а 10 раніцы адбудзецца Сьвятое Набажэнства ў Царкве Сьв. Маці Божае Жыровіцкае, Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, па адрасе: 9 River Road, Highland Park, New Jersey.

Квіткі па замове: $50 Дарослым, $40 Студэнтам.
Квіткі пры дзьвярах: $60 дарослым, $50 Студэнтам.
Просім замовіць квіткі загадзя, да 25 Сакавіка 2008, даслаўшы аплату на адрас:
Ms. Luda Bakunovich
37 Sand Hill Road
Kendall Park, NJ 08824
Чэкі выпісваць на: Belarusan American Association

Інфармацыя:
Сп. Юрка Азарка 732‑560‑8610
Сп. Віталь Зайка 718‑296‑1458.

Таронта і Атава запрашаюць

Беларусы Канады запрашаюць на сьвяточныя мерапрыемствы, прысьвечаныя 90‑годзьдзю БНР у канадзкіх гарадах — Таронта і Атава. Таронтаўцы запрашаюць адсьвяткаваць угодкі БНР а 19 гадзіне 22 сакавіка ў залі Беларускага грамадзка‑рэлігійнага цэнтру (524 St. Clarens Avenue). У праграме вечарыны плянуецца Ўрачысты малебен, даклад і сьвяточны канцэрт. Беларусы Атавы плянуюць правесьці ўрачыстасьць 5 красавіка а 14 гадзіне ў City Hall, 110 Laurier Avenue West. У праграме — сьвяточныя віншаваньні, канцэрт і вячэра.

Лёндан

Урачысты банкет з нагоды Дня Волі адбудзецца 28 сакавіка, у пятніцу ад 18.00 да 20.00, у адным з гатэляў у цэнтры Лёндану. Даведкі пра месца і ўмовы праз тэл. +020 76 09 13 19 (Сяргей Пяткевіч або Лёля Міхалюк).

Падрыхтаваў Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0