Упершыню ў Баранавічах бацькоўскіх правоў была пазбаўленая непітушчая жанчына. Прычынай стала празмернае захапленне камп'ютарам.
Ілюстрацыйная выява, jsfelectronics.com
Першымі трывогу забілі школьныя педагогі: у хату да вучня малодшых класаў патрапіць аказалася немагчыма, ды і сама маці, якая адна выхоўвае дзіця, ніколі не ішла на кантакт са школай. Тады педагогі звярнуліся ў камісію па справах непаўналетніх.
Члены камісіі звязаліся з бабуляй дзіцяці і высветлілі: у сям'і сапраўды ёсць праблема.
«Мы высветлілі, што маці дзіцяці, якая выхоўвае яго без бацькі, нідзе не працуе, вядзе ўтрыманскі лад жыцця, а ўвесь свой час праводзіць на канапе з кубкам кавы, чыпсамі і ноўтбукам, — распавядае Святлана Юрчык, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Баранавіцкага гарвыканкама. — Маці шмат часу камунікавала ў сацыяльных сетках, асабліва з процілеглым полам: так яна спрабавала ўладкаваць сваё асабістае жыццё. У вольны ад перапіскі час гуляла ў розныя гульні. А вось на догляд і выхаванне дзіцяці часу ў яе не было. Усе клопаты пра яго былі ўскладзеныя на бабулю, якая часта яго забірала».
Рашэннем камісіі па справах непаўналетніх дзіця было забранае з сям'і і прызнанае маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Характэрна, што, калі члены камісіі прыехалі за дзіцем, ім давялося выклікаць супрацоўнікаў МНС, каб патрапіць у кватэру.
Маці, якая цалкам пагрузілася ў віртуальны свет, проста перастала рэагаваць на любыя праявы свету рэальнага, а таму ніколі і нікому не адчыняла дзверы.
Шэсць месяцаў — такі тэрмін далі маці, каб выправіць сітуацыю і вярнуць дзіця. Ёй дапамаглі ўладкавацца на працу, накіравалі на кансультацыю ў псіханеўралагічны дыспансер. Аднак гэта не дапамагло: маці не вярнулася ў рэальны свет.
Рашэннем суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы жанчына была пазбаўленая бацькоўскіх правоў.
«Падобны выпадак у нашай практыцы першы, — распавёў старшыня суда Мікалай Кміта. — Быццам бы і непітушчы чалавек, і не апусціўся ў агульнапрынятым сэнсе, але пакідаць дзіця было нельга: побач з такой маці ён проста знаходзіўся ў небяспецы».
Сёння дзіця выхоўваецца ў замяшчальнай сям'і.





