У Мядзельскую раённую бальніцу 28 кастрычніка са сваёй кватэры была дастаўлена 29-гадовая жанчына са шматлікімі траўмамі галавы і рэбраў. Па падазрэнні ва ўчыненні злачынства затрыманы яе 29-гадовы муж. 

Як паведамляецца на сайце УУС Мінскага аблвыканкама, устаноўлена, што пацярпелая была збітая 23 кастрычніка. 

Паводле інфармацыі старшага інспектара прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Мядзельскага РАУС Рамана Іванца, муж жанчыны стаіць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі. Ён асуджаны за крадзеж і адбывае пакаранне па абмежаванні волі. Мужчына працуе слесарам на прадпрыемстве «Мядзельаграсэрвіс». 

«Дзверы нам доўга не адчынялі, хоць мы чулі, што ў кватэры хтосьці ёсць. Нарэшце жанчына адчыніла дзверы. Мы ўбачылі, у якім яна стане, выклікалі хуткую дапамогу і следча-аператыўную групу», — расказаў Іванец. 

Паводле яго слоў, папярэдне ўстаноўлена, што 23 кастрычніка прыкладна ў 23.00 падазраваны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, у сварцы збіў жонку. Дыягназ пацярпелай — закрытая чэрапна-мазгавая траўма, закрыты пералом двух рэбраў злева, пнеўматоракс, страсенне галаўнога мозгу, спалучаная траўма сярэдняй цяжкасці. Жанчына шпіталявана. Яе муж змешчаны ў камеру ізалятара часовага ўтрымання. 

Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0