У аперацыі было задзейнічана 500 супрацоўнікаў Службы бяспекі Украіны, 50 пракурораў і следчых.

Ператрусы прайшлі ў офісах структур, звязаных з алігархам Каламойскім. У прыватнасці, увага спецслужбаў была скіраваная на партыю «Укроп» і дабрачынны фонд дапамогі байцам АТА. 

Генадзя Корбана — правую руку алігарха Каламойскага і былога намесніка мільярдэра ў бытнасць таго кіраўніком Днепрапятроўскай вобласці — падазраюць у раскраданні сродкаў і ўдзеле ў злачыннай групоўцы.

Корбан затрыманы.

«У Днепрапятроўску праз нібыта дабрачынны фонд для дапамогі байцам АТА і незаконныя здзелкі фінансавалася прыватная армія», — пра гэта на брыфінгу заявіла спікер СБУ Алена Гітлянская, паведамляюць украінскія СМІ.

«У офісах нібыта дабрачынных фондаў было канфіскавана шмат зброі. Мы бачым, што таксама праз гэты дабрачынны фонд, а таксама з дапамогай іншых незаконных аперацый, фінансавалася фактычна прыватная армія, якая фармальна называлася асабістай аховай. Не блытайце з добраахвотніцкімі батальёнамі», — заявіла прэс-сакратарка СБУ.

«Гэта — менавіта фінансаванне прыватнай арміі, якая незаконна валодала зброяй, не маючы на тое ніякіх юрыдычных падстаў», — дадала яна.

Генадзь Корбан спрабаваў балатавацца ў мэры Кіева на апошніх мясцовых выбарах, але набраў толькі 2,6% галасоў. Апірышчам партыі «Укроп» застаецца Днепрапятроўская вобласць, дзе размешчаны шматлікія прадпрыемствы, падкантрольныя Каламойскаму і дзе ён раней быў губернатарам.

Арышт Корбана азначае, што прэзідэнт Пятро Парашэнка пры падтрымцы сілавых структур усё мацней бярэ сітуацыю ў краіне пад свой кантроль, абмяжоўваючы сваволю алігархаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?