Міліцыя затрымала жыхара Магілёва, які перадаў непраўдзівую інфармацыю пра мініраванне шматпавярховага жылога дома ў цэнтры горада. 

Як паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, паведамленне пра мініраванне вышыннага будынка, так званай «свечкі», каля ракі Дубровенка паступіла на тэлефон 102 у 17.10 30 кастрычніка. 

«Падчас кароткай тэлефоннай гутаркі і аналізу жылога сектара ў раёне ракі Дубровенкі ў Магілёве стала ясна, што гаворка ідзе пра вышынны шматкватэрны дом па праспекце Міру, 25. На месца неадкладна выехала следча-аператыўная група УУС і РАУС, начальнік Ленінскага РАУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Маскалёў, камандзір в/ч 6713 палкоўнік Дзяніс Шаброў, УКДБ, УМНС і СМП. Сіламі РАУС, палка ППСМ і ДАІ УУС, в/ч 6713 забяспечана ахова месца здарэння і праведзена эвакуацыя нешматлікіх жыхароў дома. Рух аўтатранспарту па праспекце Міру не спыняўся», — расказаў старшы аператыўны дзяжурны ААДС УУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Дышчанка. 

Спецыялісты сапёрна-піратэхнічнай групы завяршылі абследаванне дома і прылеглай да яго тэрыторыі ў 20.30. Выбухованебяспечных прадметаў і выбуховых рэчываў знойдзена не было. Інфармацыя была непраўдзівай. 

Даныя меркаванага тэлефоннага тэрарыста, 36-гадовага магіляўчаніна, і яго месца знаходжання былі вызначаны дзяжурным нарадам аператыўна-дзяжурнай службы УУС і супрацоўнікамі аддзела крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Магілёва. Яго затрымалі ў кватэры па завулку Гогаля ў стане ап`янення. 

Папярэдне ўстаноўлена, што мужчына патэлефанаваў на 102 са сваёй кватэры з мабільнага тэлефона, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап`янення. У дачыненні да яго Магілёўскім міжраённым аддзелам СК распачата справа на падставе ч. 1 арт. 340 КК (заведама непраўдзівае паведамленне пра небяспеку).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?