ААТ «Беларуськалій» у сувязі з рамонтам пацярпелага з-за аварыі абсталявання скарачае вытворчасць прадукцыі, гаворыцца ў сумеснай заяве прадпрыемства і ААТ «Беларуская калійная кампанія». 

У заяве нагадваецца, што 26 кастрычніка на чацвёртым рудаўпраўленні ААТ «Беларуськалій» здарылася разбурэнне металаканструкцый канвеернай галерэі. Прычыны здарэння высвятляюцца, пацярпелых няма. «Пазаштатная сітуацыя здарылася практычна напярэдадні запланаванага штогадовага спынення гэтага рудаўпраўлення на капітальны рамонт. З улікам планавых рамонтных работ, а таксама работ па аднаўленні канструкцый галерэі рудаўпраўленне будзе спыненае на тры-чатыры тыдні», — гаворыцца ў заяве. 

На чацвёртым рудаўпраўленні вырабляецца белы хлорысты калій, штомесячны аб'ём вытворчасці складае каля 280 тысяч тон. «Адпаведна, даступнасць гэтага прадукту для рынку будзе абмежаваная на час правядзення рамонтных работ», — зазначаецца ў заяве. 

Калійшчыкі паведамляюць, што большая частка прадукцыі будзе адгружацца ў планавым рэжыме, а аб'ёмы, якіх не стае, будуць пастаўленыя адразу пасля аднаўлення працы рудаўпраўлення, паведамілі на прадпрыемстве.

Апрача таго, да канца гэтага года на ААТ «Беларуськалій» будуць праведзеныя капітальныя прыпыначны рамонты на другім і трэцім рудаўпраўленнях (штомесячны аб'ём вытворчасці 250 тысяч тон на другім рудаўпраўленні і 270 тысяч тон на трэцім). «Беручы пад увагу невысокі наяўны ўзровень попыту, прыпыначныя рамонты працягнуцца ў сярэднім па два-тры тыдні на кожным рудаўпраўленні. У сувязі з гэтым аб'ёмы вытворчасці ружовага хлорыстага калію знізяцца, аднак згаданыя змены не паўплываюць на выкананне кампаніямі сваіх абавязацельстваў па пастаўках», — сцвярджаюць у беларускіх кампаніях. 

«Такім чынам, мы захоўваем абнародаваныя раней прагнозныя паказчыкі па экспарце беларускага калію ў 2015 годзе на ўзроўні 9 млн. тон. Улічваючы нізкую актыўнасць рынку, мы мяркуем, што скарачэнне аб'ёмаў станоўча паўплывае на баланс попыту і прапановы ў 4-м квартале 2015 года», — рэзюмуецца ў заяве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?