Гібрыды ваўка, каёта і сабакі, якіх некаторыя навукоўцы лічаць ўжо новым відам («кайваўком»), за апошнія дзесяцігоддзі захапілі ўсходнюю частку ЗША. Пра гэта піша The Independent са спасылкай на даследаванне амерыканскіх генетыкаў. Новыя жывёлы занялі зачышчаныя ад ваўкоў лясы, а таксама раўніны і нават гарадскія тэрыторыі.

ForestWander.com

ForestWander.com

Хутчэй за ўсё, кайваўкі ўпершыню з'явіліся ў канцы XIX стагоддзя на поўдні канадскага штата Антарыё, калі высечка дрэў і паляванне настолькі скарацілі колькасць прыдатных для размнажэння асобін, што выміраючыя ваўкі пачалі спарвацца з сабакамі і каётамі.

Звычайна міжвідавае скрыжаванне дае слабых нашчадкаў, аднак у дадзеным выпадку сумесь ДНК стварыла асобін, якія важаць удвая больш за звычайных каётаў. Кайваўкі больш хуткія і мускулістыя, іх сківіцы значна буйнейшыя. Некаторыя асобіны могуць заваліць аленя, а невялікая зграя — нават лася.

Генетык Хаўер Монсан з Універсітэта Стогн-Брук (Нью-Ёрк), вывучыўшы ДНК 437 асобін, знайшоў у іх 25% генаў ваўка (у сярэднім) і 10% — сабак, галоўным чынам буйных парод (нямецкіх аўчарак і даберманаў-пінчэраў). Нават выццё ў новых жывёл гібрыднае: яны пачынаюць выдаваць гукі на нізкіх частотах, як ваўкі, а потым пераходзяць на характэрнае для каётаў цяўканне.

Каёты не любяць паляваць у лясной мясцовасці, а ваўкі — выходзіць на адкрытыя прасторы, тады як гібрыды аднолькава добра сябе адчуваюць у абодвух ландшафтах. Скрыжаванне відаў стварыла драпежніка, які засяліў «пустуючыя» лясы ўсходу ЗША (ваўкоў там вынішчылі яшчэ ў XIX стагоддзі). Цяпер кайваўкі пашыраюць свой арэал на паўднёвы ўсход. Колькасць іх папуляцыі вырасла да некалькіх мільёнаў за апошнія сто гадоў.

Акрамя таго, кайваўкі зацвердзіліся і ў буйных гарадах — Бостане, Вашынгтоне, Нью-Ёрку. Відаць, гены сабак задушылі ўласцівую ваўкам непрыязнасць да чалавека, а ўсёеднасць жывёл дапамагла прыстасавацца да гарадскога жыцця. У мегаполісах кайваўкі ядуць гарбузы, дыні, выкінутую ежу, палююць на вавёрак і грызуноў у парках, а таксама на катоў. Нарэшце, жывёлы навучыліся перасоўвацца па чыгуначных шляхах, асвоілі начны лад жыцця (больш бяспечны ў горадзе) і умеюць глядзець у абодва бакі, пераходзячы дарогу.

Джонатан Уэй з Універсітэта Кларка (штат Масачусэтс), вядучы спецыяліст па гэтых жывёлах, перакананы, што кайваўкаў ужо можна называць асобным відам (паводле марфалагічных і генетычных крытэраў). Галоўным аргументам супраць такой пазіцыі застаецца тое, што кайваўкі працягваюць спарвацца з ваўкамі і сабакамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0