Сёньня заяўнікі шэсьця на 25 Сакавіка былі ў Менгарвыканкаме, дзе іх азнаёмілі з рашэньнем гарадзкіх уладаў адносна акцыі. Як і чакалася, чыноўнікі прапанавалі звыклы маршрут: ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, праз вуліцу Сурганава. У заяўцы прасілася дазволіць шэсьце ад плошчы Якуба Коласа да Опэры.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адзначыў у сваім выступе, што заяўнікаў не запрасілі на папярэдняе абмеркаваньне, а толькі на канчатковае рашэньне. Старшыня аргкамітэту па стварэньні БСДП «НГ» Мікола Статкевіч сказаў, што маршрут не адпавядае важнасьці даты 90‑годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька гаварыў пра парушэньне ў краіне канстытуцыйнага права на свабоду шэсьцяў і дэманстрацый.

Намесьнік старшыні БСДП Анатоль Сідарэвіч адзначыў, што рашэньне Менгарвыканкаму абразьлівае для ідэі беларускай дзяржаўнасьці.

Намесьнік начальніка ГУУС Менску Аляксандар Найдзенка папярэдзіў усіх заяўнікаў, што ў выпадку непадпарадкаваньня з боку ўдзельнікаў шэсьця, усе арганізатары акцыі апынуцца на сутках. Большасьці зь іх, зрэшты, ужо не прывыкаць.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0