У Мінску пачаў працу штогадовы Кастрычніцкі эканамічны форум. У ім традыцыйны бяруць удзел найбольш адкрытыя грамадству прадстаўнікі верхняга эшалону ўлады. У сёлетняй праграме выступы намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалая Снапкова, памочніка прэзідэнта Кірыла Рудага і віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

Першым адстраляўся Снапкоў. Галоўны тэзіс яго выступу на адкрыцці канферэнцыі — неабходнасць змены прынцыпаў кіравання эканомікай і адыходу ад цяперашняй вертыкалі. Маўляў, урад мае адныя мэты і планавыя паказчыкі, раённае кіраўніцтва — іншыя, а ў прадпрыемства — трэція.

«Калі мэтаў многа — то няма ніводнай. А мэта павінна быць адзінай. Напрыклад, стварэнне новых працоўных месцаў», — удакладніў Снапкоў, адказваючы на пытанні журналістаў.

Міжволі згадалася перадвыбарчая праграма АГП, якую старанна пляжылі дзяржаўныя прапагандысты.

— І калі гэтая мэта будзе вызначаная? — запыталіся ў Снапкова.

— Я лічу, што яна павінна быць вызначаная ўрадам у праграме развіцця на 2016—2020 гады, бо гэта эканамічная мэта. А палітычнай мэты мы дасягнулі: прэзідэнт абраны, — заўсміхаўся Снапкоў.

У руках ён трымаў айпад — пакуль яшчэ нязвыклы выгляд для беларускага чыноўніка.

— Вы можаце адназначна сказаць, усё ж будуць рэформы ў краіне, ці не?

— А вы можаце адназначна сказаць, што яны не праходзяць? — адказаў пытаннем на пытанне Снапкоў.

Чыноўнік трымаўся разняволена і нават спрабаваў жартаваць. Афіцыянт прадстаўнічага «Дыпсервіс Хола» (былой рэзідэнцыі Лукашэнкі ў Вайсковым завулку), дзе праходзіла мерапрыемства, настолькі захапіўся прамовай, што адклаў працу ў бок і слухаў Снапкова.

— Магу. Рэформы не праходзяць. У краіне нічога не мяняецца. Крызіс у краіне застаецца апошнія пяць гадоў, — упэўнена заявіла Снапкову журналістка «Камсамолкі».

— Гэта насамрэч вельмі складаная катэгорыя і сказаць адназначна, праходзяць ці не праходзяць рэформы, нельга.

Ёсць пэўныя агульнавядомыя знешнія прыкметы рэформаў, напрыклад, пенсійная сістэма ці тарыфы ЖКГ. Але на мой погляд, галоўнае — ці праводзяцца рэформы ў свядомасці. Гэта гатоўнасць насельніцтва і эліт грамадства змяняцца самім і змяняць сваё жыццё. У яе аснове — рост дабрабыту. Не толькі асабістага, але і гатоўнасць кожнага працаваць на дабрабыт краіны. У нас гэта няма ў грамадствае ці ёсць? — скончыў ён сваю прамову.

Ахвотных адказаць на такі філасофскі пасыл не знайшлося.

— Вось бачыце! — засмяяўся Снапкоў. Падалося, што ён трошкі заблытаўся сам.

— Я вас правільна разумею, што няма адназначнага рашэння, ці будзе краіна праводзіць рэформы?

— Ёсць адназначнае рашэнне пра паслядоўныя эвалюцыйныя змены на аснове пераемнасці. І без ломкі.

Снапкоў стаў расказваць пра даследаванні Гарвардскага ўніверсітэта пра агрэсіўную прыватызацыю. Ён пералічыў негатыўныя наступствы — запавольванне эканамічнага росту на бліжэйшыя гады, а таксама рост смяротнасці, у тым ліку суіцыдальнай, асабліва сярод мужчын прадуктыўнага ўзросту. З ягоных словаў вынікала, што варыянт тэрміновых рэформаў уладай пакуль не разглядаецца.

Але якія рэформы найбольш неабходныя менавіта цяпер?

Снапкоў задумаўся. «Першае — гэта падзел дзяржавы як уласніка і дзяржавы як рэгулятара, што створыць абсалютна іншыя эканамічныя ўзаемасувязі…» — пачаў чыноўнік.

«Гэта прыватызацыя?» — перапыталі ў яго.

«Не. Гэта не прыватызацыя, а падзел функцый, абавязкаў, кірункаў і прынцыпаў дзейнасці міністэрстваў, канцэрнаў і аблвыканкамаў», — скончыў Снапкоў.

Другой неабходнай рэформай ён бачыць «фарміравання дзяржаўнага індыкатыўнага прагнозу». Цяпер агульны план выстаўляе дзяржава, а трэба планаванне ад кожнай бізнэс-адзінкі, каму, куды і колькі прадаць, патлумачыў Снапкоў. А дзяржава, маўляў, будзе забяспечваць умовы для выканання гэтых дробных прагнозаў.

Чытайце таксама. Кірыл Руды: Чаму рэформы не атрымаюцца (у Беларусі ў 2016 годзе)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?