Актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі і яе старшыня Анатоль Лябедзька 3 лістапада збіралі каля Камароўскага рынку ў Мінску подпісы супраць ушчыльненай забудовы сталіцы і за працяг тэрмінаў абмеркавання генплана. 

«Думаю, людзям не падабаецца, што робяць улады з ушчыльненай забудовай у Мінску. Ёсць месцы, напрыклад, з аднапавярховай забудовай, якія чыноўнікі хочуць зачысціць. Гэта несправядліва, — заявіў Лябедзька. — Так, людзей, якія жывуць на вуліцы Ціміразева, высяляюць у нейкія небаскробы на ўскраіне. Але ніхто не прапанаваў ім, напрыклад, зямлю ў Веснінцы і Драздах. Там яе прапанавалі генпракурору, міністрам. А чаму ў Лукашэнкі не можа быць суседам слесар з трактарнага завода, а толькі міністр з яго атачэння?» 

Палітык мяркуе, што «ніводнае ўшчыльненне не павінна адбывацца без удзелу людзей». «Тое нібыта ўсенароднае абмеркаванне, якое зараз адбываецца, зроблена так, каб ніхто ў ім не ўдзельнічаў. Улады прапаноўваюць азнаёміцца з планамі забудовы Мінска ў нязручны час, у невялікім памяшканні. Для іх гэта фармальнасць», — сказаў ён. 

Лябедзька зазначыў, што праблема ўшчыльненай забудовы ўжо стала закранаць не толькі асобныя грамадскія ініцыятывы. «Думаю, для АГП гэта праблема будзе другой па значнасці пасля праблемы новых працоўных месцаў», — сказаў ён. 

Паводле слоў Лябедзькі, «сабраныя подпісы — гэта матэрыял, з якім можна і трэба працаваць». «Мы хацелі б як мага больш людзей зрабіць крышку больш актыўнымі, каб яны выйшлі за межы дыскусіі ў сваёй уласнай кватэры. Гэта галоўнае. Ну і вядома гэта пасыл гарадскім уладам: калі сотні, тысячы людзей падпісваюцца, гэта ігнараваць нельга», — зазначыў ён. 

Апрача таго, сказаў Лябедзька, партыя, калі праводзіць збор подпісаў у цэнтры Мінска, хацела паглядзець, «ці не звужаецца прастора свабоды, за якую мы зараз змагаемся». 

За працэсам збору подпісаў назіралі прадстаўнікі праваахоўных органаў у цывільным, аднак не ўмешваліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?