У Беларусі з візітам знаходзяцца намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк і намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Роберт Бяршынскі, паведамілі ў пасольстве ЗША ў Мінску.

Інфармацыя пра візіт павінна неўзабаве з'явіцца на сайце пасольства. 

У той жа час старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што цяпер супрацоўнікі Дзярждэпартамента ЗША сустракаюцца з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.

Нагадаем, 29 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША працягнула да 30 красавіка 2016 года, але пры гэтым часткова змякчыла санкцыі адносна шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. У санкцыйны спіс уваходзяць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно». Уся ўласнасць гэтых прадпрыемстваў застаецца заблакіраванай, але транзакцыі дазволеныя. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тыс. долараў, грамадзяне ЗША абавязаныя паведамляць упраўленню кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. Санкцыі былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта ЗША Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?