Місія экспертаў Міжнароднага валютнага фонду будзе працаваць у Беларусі з 9 па 19 лістапада, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве МВФ у Мінску. 

Кіраваць працай экспертаў фонду будзе Пітэр Долман, які з ліпеня 2015 года з'яўляецца новым кіраўніком місіі МВФ у Беларусі. 

Міністр фінансаў Уладзімір Амарын у кастрычніку паведаміў журналістам аб планах абмеркаваць з чарговай місіяй МВФ магчымасці новай крэдытнай праграмы. Ён удакладніў, што Беларусь запытвае ў фонду новы крэдыт у межах 3 млрд. долараў. «Гэта сума адпавядае правілам МВФ у адпаведнасці з квотай нашай краіны. Але гэта будзе праграма пашыранага фінансавання, якой раней не было. Яна звязана са структурнымі рэформамі», — сказаў міністр.

У 2015 годзе эксперты МВФ наведвалі Беларусь двойчы: місія ў межах штогадовых кансультацый па пытаннях эканамічнай палітыкі (4—15 сакавіка) і місія па вывучэнні эканамічнай сітуацыі (8—15 ліпеня). У ходзе гэтых місій адбыліся сустрэчы ў ключавых міністэрствах і ведамствах, адказных за выпрацоўку эканамічнай палітыкі дзяржавы. Сярод асноўных рэкамендацый фонду — далейшае скарачэнне дырэктыўнага крэдытавання і абмежаванне росту зарплаты ў 2015 годзе, забеспячэнне большай гнуткасці абменнага курсу, адмова ад рэгулявання цэн і ўстанаўлення абавязковых мэтавых паказчыкаў для прадпрыемстваў.

Ліпеньская місія экспертаў МВФ, якая прыязджала па просьбе беларускіх улад, была ў большай ступені сфакусіравана на структурных недахопах беларускай эканамічнай мадэлі. Бакі абмеркавалі бягучую эканамічную сітуацыю ў краіне, планы рэформ, а таксама магчымасць рэалізацыі праграмы МВФ у іх падтрымку. Эксперты МВФ і ўлады Беларусі дамовіліся прадоўжыць дыялог па ключавых істотных і тэхнічных пытаннях, якія неабходна вырашыць для таго, каб забяспечыць падрыхтоўку праграмы. Пры ўмове, што ў гэтай працы будзе дасягнуты дастатковы прагрэс, бакі ўмовіліся, што візіт місіі для правядзення афіцыйных перамоў па новай праграме можа адбыцца восенню 2015 года.

У МВФ таксама неаднаразова падкрэслівалі, што для новай краінавай праграмы з Беларуссю неабходна, каб праграма глыбокіх структурных рэформ у эканоміцы была падтрымана на самым высокім дзяржаўным узроўні.

Са студзеня 2009 года па красавік 2010-га Беларусь рэалізавала ўзгодненую з МВФ праграму стэнд-бай, падтрыманую крэдытам фонду на 3,5 млрд. долараў. Гэта дазволіла краіне забяспечыць станоўчую дынаміку па некаторых пазіцыях у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?