Кампанія «Генплан — для мінчан!» перадала ў Мінгарвыканкам, камітэт па архітэктуры і горадабудаўніцтве і УП «Мінскграда» прапановы грамадзян па карэкціроўцы генплана сталіцы, паведаміў каардынатар кампаніі Дзяніс Кобрусеў. 

5 лістапада завяршаецца грамадскае абмеркаванне карэкціроўкі генплана Мінска, якое стартавала 14 кастрычніка. «Сёння мы ў межах кампаніі «Генплан — для мінчан!» перадалі ў структуры Мінгарвыканкама зварот грамадзян па прадстаўленым праекце генеральнага плана Мінска», — сказаў Кобрусеў. 

Паводле яго слоў, зварот складаецца з трох частак. «Каля 50 старонак уяўляюць сабой тэкст, у якім мы выклалі недакладнасці і нестыкоўкі, выяўленыя намі ў тлумачальнай запісцы да генплана. Яны тычацца і ўшчыльнення горада, і аўтамабілізацыі, і зялёных насаджэнняў. Тое, што нас не задаволіла, мы прапанавалі ўбраць і замяніць на тое, што мы прапаноўваем», — сказаў актывіст. 

Другая частка звароту — гэта фактычна новы распрацаваны экспертамі рэгламент па зялёных зонах. «Мы зрабілі больш як 50 правак, якія накіраваныя на тое, каб зялёныя зоны горада сталі больш абароненымі ад забудоўшчыкаў», — растлумачыў Кобрусеў. 

Трэцяя частка, паведаміў каардынатар кампаніі, гэта прапановы ініцыятыўных груп грамадзян па развіцці тэрыторый, на якіх яны жывуць. «Вылучана больш як 10 такіх прапаноў ад ініцыятыўных груп з вуліцы Кірава, з Сельгаспасёлка, пасёлка Заходні, раёна Асмалоўка. Гэтыя грамадзяне вельмі занепакоеныя планам ўлад па іх ушчыльненні, рэканструкцыі, зносе прыватнага сектара», — сказаў актывіст. 

Ён паведаміў, што ўсяго пад зваротам падпісалася больш як тысяча чалавек, каля 700 подпісаў перададзена сёння, астатнія падпісныя лісты будуць перададзеныя пасля 5 лістапада. 

На пытанне аб магчымасці працягу грамадскага абмеркавання Кобрусеў адказаў: «Гэта было прапанавана ініцыятыўнай групай Сельгаспасёлка, была створана анлайн-петыцыя. На маю думку, працяг абмеркавання малаверагодны. Другое грамадскае абмеркаванне магчымае толькі ў выпадку, калі гэты генеральны план па нейкіх прычынах не захоча зацвердзіць прэзідэнт», — мяркуе каардынатар кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?