Былая міністр адукацыі Грузіі ва ўрадзе Міхаіла Саакашвілі Хація Дэканаідзэ ўзначаліла ўкраінскую паліцыю. Адпаведную прапанову кіраўніка МУС Арсена Авакава ўрад краіны ўхваліў у сераду ўвечары.
«Бескампрамісныя рэформы з Хаціей на пасадзе кіраўніка паліцыі і ўсёй нашай камандай па месцах будуць працягвацца інтэнсіўна!», — напісаў Авакаў у фэйсбуку, каментуючы прызначэнне.
У сваім выступе адразу пасля прызначэння Дэканаідзэ таксама выказала жаданне працягваць рэформу МУС.
У складзе абноўленай Нацыянальнай паліцыі Украіны, акрамя патрульнай службы, будуць функцыянаваць падраздзяленні крымінальнай і спецыяльнай паліцыі, паліцыя аховы і паліцыя асаблівага прызначэння.
«За восем месяцаў працэсу рэфармавання дасягнута нямала. Мы стварылі патрульную паліцыю. Ужо працуем над стварэннем новай службы «корд». Зараз у МУС распрацоўваецца канцэпцыя атэстацыі супрацоўнікаў, якія будуць служыць у Нацыянальнай паліцыі, каб у новы орган патрапілі сумленныя і прыстойныя людзі», — распавяла Хація Дэканаідзэ.
Хація Дэканаідзэ — выпускніца факультэта міжнародных адносін і права Тбіліскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 24 гады яна пачала працаваць у камандзе прэзідэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі і ўзначаліла адміністрацыю Рады бяспекі Грузіі. У 31 год яна стала першым рэктарам Акадэміі паліцыі МУС Грузіі.
Праз чатыры гады, у 2012-м, яна ўзначаліла нацыянальны экзаменацыйны цэнтр грузінскага міністэрства адукацыі. Хоць на гэтай пасадзе яна прапрацавала толькі 4 месяцы, у прэсе яе імя згадваецца менавіта, як экс-кіраўніка грузінскага Мінадукацыі, удакладняе 24tv.ua.