У сярэдзіне кастрычніка на выставе AUSA былі паказаны новыя танкі, распрацаваныя для амерыканскіх вайскоўцаў, адзін з якіх дакладна пойдзе на ўзбраенне, паведамляюць СМІ, якія працуюць у галіне ВПК.
M1 Abrams, фота tanki-tut.ru
Размова найперш пра танк M1 Abrams у камплектацыі M1A2 SEP V3. Гэта чарговая мадэрнізацыя асноўнага танка амерыканскай арміі. Танк атрымаў новую сістэму актыўнай абароны, палепшаную рамонтаздольнасць, пашыраныя баявыя здольнасці, лепшую электроніку і сістэмы сувязі.
Праз сістэму Ammunition DataLink (перадача дадзеных да боепрыпасаў) танк можа выкарыстоўваць камп’ютарна запраграмаваныя снарады з падрывам ў паветры на вызначанай адлегласці, то бок без кантакту снарада з перашкодай.
Пры гэтым падчас вызначэння дыстанцыі падрыву снарад можа ўжо знаходзіцца ў затворы гарматы.
Танк новай канцэпцыі прапанавала брытанская карпарацыя BAE Systems. ELT — Экспедыцыйны лёгкі танк — створаны для падтрымкі сіл спецыяльных аперацый і можа дэсантавацца з самалётаў, у тым ліку на парашуце.
ELT, фота defence-blog.com
Брытанцы выкарысталі пры мадэляванні машыны напрацоўкі, якія былі атрыманыя пры стварэнні шведскіх баявых машын пяхоты CV90 і БМП Bradley.
Лёгкі танк мае 105 мм гармату з аўтаматычнай сістэмай зараджання, што дазваляе весці агонь з хуткасцю да 12 стрэлаў у хвіліну. Танк узброены таксама двума кулямётамі калібру 7,67 і 12,7 мм, а таксама гранатамётнай устаноўкай.
Лёгкі танк, у залежнасці ад умоў выкарыстання, можа мець тры ступені браніравання і, адпаведна, масу ад 18 да 23,5 т.