«Адзінства, мэтанакіраванасць нашага народа, яго адкрытасць і дружалюбнасць, зразумеласць курсу, які праводзіць краіна, запэўнілі Захад паглядзець на Беларусь пад іншым вуглом», — заявіў Лукашэнка, выступаючы 6 лістапада ў Палацы Незалежнасці пасля інаўгурацыі.

Паводле яго слоў, Захад убачыў у Беларусі «прыстойнага партнёра». «Мы вітаем такі рух у гэтым кірунку, — падкрэсліў Лукашэнка. — Заўсёды сцвярджалі, што спробы ізаляваць Беларусь, як і іншыя краіны, — гэта тупіковы шлях, ён прыводзіць да сітуацыі, калі прайграюць усе. Лёгка стаць на шлях санкцый, але вельмі цяжка потым звярнуць з яго і вярнуцца да нармальнага жыцця, таму не трэба заганяць сябе ў кут».

Лукашэнка упэўнены, што Беларусь з'яўляецца «самым бяспечным і надзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію». «Гэтыя дзве цывілізацыі абавязкова пачнуць збліжацца, таму што іншай альтэрнатывы інтэграцыйным працэсам на Зямлі ніхто не прыдумаў, — сказаў ён. — Супрацьстаянне паміж Захадам і Усходам абарочваецца толькі далейшай эскалацыяй канфліктаў, гуманітарнымі катастрофамі, рэзкім падзеннем узроўню жыцця людзей і проста дэградацыяй».

На думку Лукашэнкі, беларусы, як талерантная нацыя, «могуць стаць сувязным звяном паміж народамі». Пры гэтым ён падкрэсліў: «Мы павінны ўсе з вамі разумець галоўнае — наша будучыня, перш за ўсё, у нашых руках. Вырашэнне ўласных праблем ляжыць, у першую чаргу, унутры, а не звонку краіны. Толькі ўпартая праца, цвярозы розум, мудрасць будуць спрыяць нашаму развіццю».

«Не бывае так, што вінаватая толькі ўлада, а мы ўсе добрыя. Перш чым кагосьці абвінаваціць, пакрытыкаваць або кагосьці ўдарыць, паглядзіце на сябе: ці ўсё вы зрабілі для таго, каб вы, ваша сям'я, вашы родныя, сваякі, знаёмыя і ў цэлым дзяржава былі шчаслівыя і жылі добра? Давайце гэтую рэформу пачнём з сябе. І калі мы з сябе пачнём, мы спынім усякія размовы пра рэформы, і проста будзем жыць цудоўна», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?